Мужчына спрабаваў завезці ў Беларусь залаты ровар. Аказалася, ён каштуе, як машына
Пры гэтым беларус хацеў праскочыць праз зялёны калідор.
19.12.2024 / 13:59
Фота: Дзяржкамітэт судовых экспертыз
Беларускія мытнікі ў пункце пропуску «Варшаўскі мост» на мяжы з Польшчай звярнулі ўвагу на мужчыну, які вёз ровар залатога колеру. Беларус спрабаваў правезці разабраны ровар праз зялёны калідор.
Мужчына патлумачыў, што купіў транспарт у Мінску за 250 даляраў і вазіў яго ў Польшчу на рамонт. Але мытнікаў нешта збянтэжыла, і яны вырашылі правесці экспертызу.
Аказалася, што ровар быў і эксклюзіўнай партыі — такіх было выпушчана ўсяго 50 штук.
Ён абсталяваны гідраўлічнымі дыскавымі тармазамі і электроннымі пераключальнікамі, дэталямі ад вядучых сусветных вытворцаў з выкарыстаннем трывалых і лёгкіх матэрыялаў: карбону, керамікі, каляровых металаў, піша Дзяржкамітэт судовых экспертыз.
Шыны на ровары былі ад вытворцы шын для «Формулы-1», рама і некаторыя іншыя элементы пакрытыя сусальным золатам.
Эксперты прыйшлі да высновы, што такі ровар каштуе больш за 62 тысячы рублёў.
Мужчыну, які не задэклараваў ровар, прыйдзецца заплаціць вялікі штраф: у памеры ад 10 да 30 працэнтаў ад кошту.