Мінчанка купіла ў магазіне ўпакаваны хлеб з жывым чарвяком унутры

Мінчанка заяўляе, што купіла ў гіпермаркеце «Карона» на праспекце Пераможцаў хлеб, пад упакоўкай якога знайшла жывога чарвяка. Відэа яна даслала ў рэдакцыю «Смартпрэс». Нечаканы госць жыў у хлебе пшанічным «Вясковы», вытворца ТАА «Тытунь інвест» (уладальнік сеткі «Карона»).

19.12.2024 / 14:23

Хлеб Настасся купіла 18 снежня позна ўвечары, сёння раніцай дзяўчына звярнулася праз сацсеткі ў краму з прэтэнзіяй.

«Жывём у Лошыцы. Калі б былі побач — я б вярнулася яшчэ ўчора», — распавяла яна.

«Мне вельмі шкада, што адбылася такая сітуацыя. Мая сям'я заўсёды там закупляецца, бо якасць і выбар прадуктаў — выдатны. Ведаеце, калі б гэта быў дохлы прус, я б зразумела яшчэ, але жывы чарвяк… У мяне няма тлумачэння гэтаму, і хацелася б, каб адміністрацыя гэта патлумачыла», — заўважыла яна.

«Смартпрэс» звярнуўся па каментар у краму, дзе быў набыты гэты хлеб. У аддзеле маркетынгу паведамілі, што атрымалі зварот Настассі і будуць разбірацца ў гэтай сітуацыі. З пакупніцай таксама папярэдне ўжо звязаліся. «Проста так гэтае пытанне ніхто не пакіне», — паабяцалі ў краме.

Nashaniva.com