Банкрутуе беларуская дачка нямецкага вытворцы сонечных панэляў

У 2019 годзе нямецкая кампанія Recom Technologies інвеставала ў будаўніцтва завода ў Беларусі.

19.12.2024 / 14:42

Фота: recombel.com

Планавалася, што на тэрыторыі індустрыяльнага парку «Вялікі камень» будуць выпускаць сонечныя панэлі магутнасцю 300 МВт у год і акумулятары. Аднак у ліпені 2024-га беларуская «дачка» нямецкага канцэрна сышла ў ліквідацыю, а цяпер і ў банкруцтва.

ЗАТ «Рэкамбел» было створана 22 сакавіка 2018 года на тэрыторыі кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Яго асноўны від дзейнасці — вытворчасць электрычных акумулятараў і акумулятарных батарэй.

Пра праект Recom Technology стала вядома ў ліпені 2019 года. Паведамлялася, што так нямецкі канцэрн плануе павялічыць свае еўрапейскія вытворчыя магутнасці. Тады генеральны дырэктар Гамлет Тунян распавядаў, што прадукцыя прадпрыемства будзе «высокай еўрапейскай якасці з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій у вытворчасці модуляў», а яго стратэгічнае значэнне будзе заключацца ў тым, што яно «будзе абслугоўваць у асноўным Еўропу, а таксама рынкі ЗША і Азіі».

Nashaniva.com