Літва забараніла грамадзянам Беларусі служыць у арміі

Беларусы не змогуць служыць ва Узброеных сілах Літвы і знаходзіцца ў літоўскім Саюзе стралкоў. Папраўкі да адпаведных законаў прыняў Сейм Літвы, піша LRT.

19.12.2024 / 15:25

Фота: Міністэрства фінансаў Літвы

Акрамя беларусаў у войску Літвы не змогуць служыць грамадзяне Расіі і Кітая.

Згодна з папраўкамі, грамадзяне гэтых краін не будуць прымацца на прафесійную вайсковую службу, на службу ў добраахвотніцкія сілы і на абавязковую вайсковую службу. Калі чалавек, які ўжо служыць у арміі Літвы, атрымае грамадзянства Расіі, Беларусі або Кітая, яго звольняць са службы.

Таксама ўрад Літвы пацвердзіў, што прафесійныя вайскоўцы не могуць наведваць з неслужбовымі мэтамі краіны, якія ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы.

У лістападзе Узброеныя сілы Літвы паведамілі, што ў войску служыць 11 чалавек з грамадзянствам Літвы і Расіі ці Беларусі.

Агулам ва Узброеных сілах Літвы служаць каля 20 тысяч чалавек.

Nashaniva.com