10 фільмаў, якія не варта прапусціць у 2025-м
Падрыхтавалі для вас топ-10 самых чаканых стужак наступнага года. Працяг вядомых блакбастараў, мюзікл, хорар, Брэд Піт, Леанарда ды Капрыа і незалежнае кіно — кожны знойдзе тут нешта для сябе.
24.12.2024 / 13:10
Кадр з трэйлера новага фільма пра Брыджыт Джонс, які выйдзе ў 2025-м
Пакуль невядома, як будуць называцца фільмы з нашай падборкі ў беларускім пракаце і ці трапяць яны ў яго. Таму прыводзім пераклад арыгінальных назваў.
Брыджыт Джонс: У захапленні ад хлапчука (Bridget Jones: Mad About the Boy)
Упершыню мы сустрэлі Брыджыт Джонс, самотную англічанку за 30, ажно 23 гады таму, калі выйшаў першы фільм пра яе. Шчырая, трохі нязграбная і непасрэдная жанчына, якая з усіх сілаў будавала асабістае жыццё, палюбілася гледачам ва ўсім свеце.
Цяпер Брыджыт — удава з двума дзецьмі, але яна зноў гатовая да адносінаў. У новай стужцы гераіня Рэне Зелвегер сустрэне маладога хлопца, і, мяркуючы па назве фільма, зноў закахаецца на ўсю галаву. У стужку, што выйдзе ў лютым, вернуцца зоркі франшызы — будзе і Колін Фёрт, і Х'ю Грант.
Малпа (The Monkey)
2024-ты даў нам выдатныя хорары — згадайце хаця б «Субстанцыю» ці «Насферату». Выглядае, наступны год не будзе адставаць.
У лютым чакаем прэм'еру, знятую па расказе Стывена Кінга. Гэта гісторыя двух блізнят, якія знаходзяць на гарышчы свайго бацькі старую ляльку-малпу. Пасля гэтага іх пачынаюць пераследваць жудасныя смерці, і хлопцы спрабуюць пазбавіцца ад малпы. Рэжысёрам стужкі быў Озгуд Перкінс, аўтар «Збіральніка душаў» — яшчэ аднаго хорара, які гэтым летам меў велізарныя зборы ў кінатэатрах.
Мікі 17 (Mickey 17)
Гэтую навуковую фантастыку зняў карэец Пон Джун Хо, уладальнік «Оскара» за знятую ім стужку «Паразіты» — самы касавы паўднёвакарэйскі фільм у гісторыі. І, канечне, вы пазнаеце ў галоўнай ролі Роберта Пацінсана: зорка «Змяркання» ў апошнія гады мала здымаецца, але для Mickey 17 зрабіў выключэнне.
Пацінсан грае Мікі Барнса, каланізатара ледзяной планеты. Барнс пагаджаецца, каб пасля смерці яго розум загружалі ў новае цела-дублікат. Канечне, у нейкі момант гэты план дае збой, і пачынаюцца прыгоды. Выхад стужкі пра Мікі Барнса запланаваны на красавік.
Місія невыканальная: Апошняя расплата (Mission: Impossible — The Final Reckoning)
Том Круз і яго франшыза «Місія невыканальная» дораць нам топавыя баевікі ажно з 1996-га. У гэтых фільмах бясстрашны Круз лазіў па дубайскім хмарачосе, скакаў са скалы на матацыкле і лётаў на знешняй частцы самалёта, а ў канцы мінулай стужкі адправіў у бездань некалькі вагонаў цягніка і потым скокнуў туды ж сам (але не забыўся на парашут).
Няма сумневаў, што і ў бліжэйшым маі Круз выдасць нам якасны экшн. Калі вам яшчэ важны сюжэт, вось ён — герой Круза Ітан Хант павінен знішчыць небяспечны штучны інтэлект і спыніць свайго ворага Габрыела.
Формула-1 (F1)
Летам 2025-га на экраны вяртаецца Брэд Піт. Суперзорка ўвасобіць ролю гоншчыка «Формулы-1», які пайшоў на пенсію, але вярнуўся па просьбе сябра. Яго новае заданне — быць настаўнікам маладога гоншчыка-вундэркінда.
У фільме з'явяцца топавыя гоншчыкі «Формулы-1»: чакайце, да прыкладу, Льюіса Хэмілтана і Макса Ферстапена. Канечне, будуць і гоначныя машыны, і шмат хуткасці.
Бойка за Бактан-Крос (The Battle of Baktan Cross)
У жніўні нам абяцаюць высокабюджэтнае кіно з Леанарда ды Капрыа. Кампанію яму складуць Шон Пэн і Бенісіа дэль Тора, а здымае стужку Пол Андэрсан, рэжысёр культавых «Начэй у стылі бугі» (1997). Бюджэт — салідныя для Андэрсана 100 мільёнаў даляраў.
Дакладны сюжэт стужкі пакуль не атрымалася пацвердзіць, піша Vanity Fair. Вядома, што гэта крымінальная драма. У сеціва трапілі фота са здымак, дзе ў ды Капрыа ёсць вусы, а таксама ён з актрысай Тэянай Тэйлар ладзіць нешта падобнае да крадзяжу. Але каму патрэбны сюжэт, калі за справу ўзяліся такія майстры?
Бугонія (Bugonia)
Галоўны дзівак Галівуда, грэк Ёргас Ланцімас, рыхтуе на лістапад новую стужку. Да мэтра зноў далучыцца яго муза — актрыса Эма Стоўн, якая толькі сёлета атрымала «Оскар» за ролю ў «Небараках» Ланцімаса.
Ёргас Ланцімас і Эма Стоўн, 2024 год. Фота: Getty Images / Arturo Holmes / WireImage
«Бугонія» — фантастычная камедыя, рымейк паўднёвакарэйскай стужкі 2003-га «Уратуйце зялёную планету!». Гэта гісторыя канспіратараў, якія выкрадаюць кіраўніцу вялікай кампаніі і дапытваюць яе, упэўненыя, што гэта небяспечная іншапланецянка.
Аватар: Полымя і попел (Avatar: Fire and Ash)
На снежань 2025-га запланаваны выхад ужо трэцяга з «Аватараў». У стужку вернуцца галоўныя героі мінулых фільмаў серыі — героі Сэма Уорцінгтана, Зоўі Салдана і Сігурні Уівер. Абяцаюць і некалькі новых персанажаў.
Можна чакаць, што мы пабачым яшчэ больш рэгіёнаў таямнічага спадарожніка Пандора, на якім адбываецца ўсё дзеянне, і паглыбімся ў характар персанажаў, прагназуюць і нечаканыя сюжэтныя павароты. Здымае карціну, канечне, Джэймс Кэмеран, так што ўсё зноў будзе відовішчна.
Франкенштэйн (Frankenstein)
Маэстра жахаў Гільерма дэль Тора жадаў зняць гэты фільм большую частку свайго жыцця, і ў 2025-м яго мара здзейсніцца. Месяц выхаду стужкі пакуль невядомы.
Гэты сюжэт ужо стаў класічным: навуковец Віктар Франкенштэйн жадае стварыць чалавека з нежывой матэрыі, але дае нараджэнне монстру. Да гэтай гісторыі дэль Тора дадаў шмат дэталяў, народжаных яго ўласнай фантазіяй. Атрымалася развага пра спадчыну і сувязь з уласным стварэннем, а таксама пра тое, куды ўсё гэта можа завесці.
Маці Марыя (Mother Mary)
Яшчэ адна стужка, што дагэтуль не мае дакладнай даты выхаду — вядома толькі, што яе можна чакаць у 2025-м. Буйная незалежная кінакампанія А24 здымае фільм пра адносіны паміж поп-зоркай (Эн Хэтэўэй) і яе дызайнеркай (Мікейла Коўл). Музыкі будзе шмат — за яе тут адказныя ў тым ліку спявачка Charli XCX і амерыканскі музыка Джэк Антонаф.
Эн Хэтэўэй, 2024 год. Фота: John Nacion / Getty Images
Рэжысёр стужкі Дэвід Лоўры паспеў заінтрыгаваць будучых гледачоў. Ён абяцае фільм, які будзе правакаваць шмат пачуццяў у кожным магчымым кірунку.
Што яшчэ?
Немагчыма ахапіць усе топавыя стужкі 2025 года ў адной падборцы. Таму вось яшчэ некалькі фільмаў, якія могуць падацца вам цікавымі:
- «Каханне — гэта балюча» (Love Hurts), люты 2025 — камедыя пра былога кілера з карэйскай зоркай стужкі «Усё паўсюль і адразу» («Оскар-2023»);
- «Падынгтан у Перу» (Paddington in Peru), люты 2025 — чарговая стужка пра таго самага мядзведзя, на якую вы пойдзеце з дзіцем;
- «Чорная торба» (Black Bag), сакавік 2025 — шпіёнскі трылер з Кейт Бланшэт ад рэжысёра Стывена Содэрберга;
- «Аматар» (The Amateur), красавік 2025 — Рамі Малек, выканаўца ролі Фрэдзі Мерк'юры, грае ўдаўца-крыптографа, чыю жонку забілі тэрарысты;
- «Вялікае адважнае цудоўнае падарожжа» (A Big Bold Beautiful Journey), май 2025 — рамкам з Марго Робі і Колінам Фарэлам;
- «Перараджэнне свету юрскага перыяду» (Jurassic World Rebirth), ліпень 2025 — Скарлет Ёхансан і дыназаўры;
- «Майкл» (Michael), кастрычнік 2025 — пляменнік Майкла Джэксана грае яго ў музыкальным баёпіку.
Арнольд Шварцэнегер здымаецца ў ролі Санта-Клауса
Джуд Лоў зняўся ў новым фільме — такім, што мурашы па скуры
«Ерэтык»: у беларускім пракаце ідзе топавы хорар з высокадухоўнымі дыскусіямі