Вольга Лойка: Усё ідзе да таго, што Беларусь не давядзецца далучаць сілай — яна сама ўпадзе ў рукі Расіі
Ці зменшыцца пасля выбараў 2025 года інтэнсіўнасць рэпрэсій? Якія шанцы на новую адлігу? Наколькі імаверна, што пасьля выбараў Беларусь будзе далучаная да Расеі? На гэтыя ды іншыя пытаньні Радыё Свабода адказвае былая палітзняволеная, рэдактарка выдання Plan B Вольга Лойка.
20.12.2024 / 11:58
— Ёсьць шмат падставаў меркаваць, што выбары 2025 году ня будуць ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі, і што іх пераможца ўжо перадвызначаны. Таму ў гэтай праграме мы гаворым пра тое, што будзе пасьля 26 студзеня 2025 году. Ці будзе інтэнсіўнасьць рэпрэсіяў (колькасьць палітвязьняў як індыкатар) мяняцца пасьля выбараў?
— Я думаю, што яна будзе мяняцца, і думаю, што будзе зьніжацца. Я б не называла гэта адлігай, бо ўсё ж такі аслабленьне рэпрэсіяў — гэта не зусім адліга (калі разумець пад адлігай тое, што робіцца дазволеным раней забароненае). Ну, проста ўжо ўсіх пакараюць за тое, што было ў 2020—2021 гадах, і працягваць перасьлед за падзеі пяцігадовай даўнасьці, напэўна, было б крыху дзіўна. А тут яшчэ і тэрмін даўнасьці па гэтых злачынствах скончыцца, і можна будзе паступова заяўляць, што мы з гэтым скончылі. Я зараз бачу, што, у прынцыпе, ціск, напэўна, і цяпер крыху меншы, чым раней. Тым больш што ёсьць больш за 200 чалавек, якія выйшлі на волю ў выніку памілаваньня. Гэта вельмі добра, гэта найлепшая навіна апошняга году. Але сказаць, што гэта адліга, я не магу. Усё, што было нельга ў 2023—2024 гадах, усё гэта будзе нельга і ў 2025 годзе.
— Што азначае ўдзел у выбарчай кампаніі альтэрнатыўных Лукашэнку кандыдатаў — Гайдукевіча, Канапацкай, Сыранкова, Хіжняка? Гэта не прыкмета нейкіх зьменаў у палітычнай сыстэме, але мо прыкмета калі не лібэралізацыі, дык прынамсі ўскладненьня?
— Цяперашнія кандыдаты на выбарах — для мяне адназначна спойлеры, і гаварыць там няма пра што.
Але ёсьць кейс Дзьмітрыева, які не настолькі адназначны, як многія (асабліва тыя, хто за межамі Беларусі) спрабуюць падаць, трактуючы яго як агента КДБ. Чалавек спрабуе намацаць нейкую мяжу дазволенага. Заўсёды так было. Нехта пачынаў нешта спрабаваць рабіць. Прычым у цяперашніх умовах нешта спрабаваць рабіць — гэта сапраўды небясьпечна. Я паважаю яго. Я ня веру, што ён крэатура КДБ.
Але нават калі і так, гэта ўсё роўна нейкае намацваньне новай нармальнасьці, гэта спроба выйсьці за межы чыста сілавога варыянту. І такія людзі важныя, патрэбныя. Яны будуць зьяўляцца ўнутры краіны. Ён робіць тое, што робіць, пад сваім імем, робіць гэта ў сытуацыі, калі гэта небясьпечна для яго асабіста. Ён разумее, чым рызыкуе, бо ўжо адседзеў.
— Як будуць выглядаць беларуска-расейскія адносіны праз год, у сьнежні 2025 году?
— Я спадзяюся, што ня так, як зараз. Можа, гэта беспадстаўны аптымізм.
Пакуль усё ідзе да таго, што Беларусь не давядзецца далучаць сілай — яна сама ўпадзе ў рукі Расеі, без дадатковых высілкаў. Усе высілкі ўжо зробленыя. Кліент гатовы, кліент дасьпеў.
Стан беларускай эканомікі зараз такі, што я не ўяўляю, як яна можа самастойна існаваць. Я ня думаю, што такое становішча могуць зьмяніць адзінкавыя паслабленьні санкцыяў.
— Нярэдка можна пачуць тэзу, што праз Лукашэнку сувэрэнітэт Беларусі ўжо страчаны. А вось ці можна сказаць, што хаця б адзін беларускі чыноўнік ці сілавік быў прызначаны з Масквы ці на загад Масквы? Ці ёсьць выпадкі, калі беларускаму чыноўніку ці сілавіку наўпрост аддаюць распараджэньні з Расеі? Ці апарат улады Лукашэнка ўсё ж кантралюе?
— Кантакты на ўзроўні кіраўнікоў беларускіх рэгіёнаў і фінансавыя ўліваньні на мясцовым узроўні ўжо ёсьць. Многія беларускія чыноўнікі вельмі прарасейскія. Калі перад імі паўстане няпросты выбар паміж Пуціным і Лукашэнкам, я сур’ёзна баюся, што яны выберуць Пуціна.
— А хіба пры Лукашэнку так не было заўсёды?
— Было, але не ў такіх памерах, ня так шырока. І інфармацыйнае поле не было настолькі прарасейскае. У 2019 годзе, калі вяліся спрэчкі наконт інтэграцыйных «мапаў», гаварылася, што адзіная падатковая палітыка для нас непрымальная, што ў нас свае падыходы. Цяпер выяўляецца, што цалкам прымальная. І ў большасьці чыноўнікаў гэта не выклікае ніякага супраціву. Калі загады пачнуць ісьці ня зь Менску, а з Масквы, многія чыноўнікі нават ня зьвернуць на гэта ўвагі. Занадта глыбока мы ўцягнуліся ў гэтую гульню. Асабліва з улікам таго, што грошы — у Расеі і з Расеі. І музыку будзе замаўляць яна.