У Варшаве напалі на дырэктара праграмы Каліноўскага

На прафесара Яна Маліцкага напалі ў цэнтры Варшавы. Цяпер ён у шпіталі. Асобы нападнікаў невядомыя, піша Белсат.

20.12.2024 / 12:27

Фота: Белсат

Дырэктарка Школы ўсходніх моваў пры Цэнтры Усходняй Еўропы Інга Катаньска паведаміла журналістам праз электронную пошту, што ў ноч на 20 снежня ў Казіміраўскім парку, што ў цэнтры Варшавы, быў замах на жыццё кіраўніка Цэнтру і дырэктара стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага Яна Маліцкага.

Паводле ліста Катаньскай, два мужчыны спыталі ў Маліцкага, як яго зваць. Калі Маліцкі назваўся, атрымаў удар па галаве, страціў прытомнасць. Ён прыйшоў у прытомнасць у машыне «хуткай дапамогі». Прафесара даставілі ў Праскі шпіталь у Варшаве.

Усіх, хто мае звесткі пра напад, просяць звязацца з паліцыяй або Агенцтвам унутранай бяспекі Польшчы.

У сакратарыяце Цэнтру Усходняй Еўропы «Белсату» сказалі, што не могуць пацвердзіць, што высылалі такую інфармацыю. Школа ўсходніх моваў не адказвае на тэлефанаванні. Тэлефон Маліцкага пераключаны на галасавую пошту.

Nashaniva.com