Фрыдман: Уся гэтая рыторыка пра ўдзел Лукашэнкі ў перамовах ужо надакучыла ўкраінцам

Чаму лукашэнкаўскі рэжым настойвае на ўдзеле ў патэнцыйных перамовах па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне і якія тут магчымыя варыянты, разважае аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

21.12.2024 / 07:00

Аляксандр Лукашэнка прыняў тысячы расійскіх войскаў і дазволіў Крамлю выкарыстоўваць тэрыторыю для ўварвання ва Украіну 24 лютага 2022 года. На гэтым здымку паказана, як шматразовыя рэактыўныя ўстаноўкі адкрываюць агонь падчас сумесных вайсковых вучэнняў Беларусі і Расіі на палігоне «Брэсцкі» ў лютым 2022 года. Фота: Прэс-служба Міністэрства абароны Расіі / AP

16 снежня 2024 года намеснік міністра замежных спраў Беларусі Юрый Амбразевіч заявіў, што Мінск хацеў бы ўдзельнічаць у патэнцыйных перамовах па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне.

Перспектывы ўдзелу рэжыму ў гэтых магчымых перамовах разглядаліся ў перадачы «Фрыдман, Палітыка», дзе размаўлялі гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман і журналіст Ілля Маліноўскі.

Суразмоўцы адзначылі, што афіцыйны Мінск пазіцыянуе сябе як зацікаўлены бок, які імкнецца да міру, і спрабуе прадставіць сябе ў ролі пасярэдніка або гаранта. 

Аднак, як заўважыў Фрыдман, з боку Украіны і Захаду такое жаданне ўспрымаецца надзвычай скептычна. Прычына відавочная: Беларусь дала сваю тэрыторыю для расійскіх войскаў, і яе роля ў гэтым канфлікце не можа разглядацца як нейтральная або міратворчая.

«Уся гэтая рыторыка, якая зыходзіць ад Лукашэнкі і беларускага МЗС пра тое, што яны хочуць удзельнічаць у перамовах, відаць, украінцам надакучыла», — адзначыў Фрыдман. Сведчыць пра гэта нядаўняя рэакцыя ўкраінскай дыпламатыі, якая была даволі цвёрдай. 

Нагадаем, што ўкраінскае МЗС у адказ на заяву Амбразевіча паведаміла, што беларускі рэжым можа прэтэндаваць хіба што толькі «на справядлівы разгляд у рамках працэсу па прыцягненні агрэсара і яго паслугачоў» да адказнасці.

У перспектыве пасляваеннага ўладкавання Еўропы тэарэтычна магла б узнікнуць дыскусія пра тое, хто будзе прадстаўляць Беларусь за сталом перамоваў — Лукашэнка ці дэмакратычныя сілы ў выгнанні (напрыклад, каманда Святланы Ціханоўскай).

«Калі такія перамовы адбудуцца, то Расія зробіць усё, каб у іх удзельнічаў Лукашэнка», — мяркуе Фрыдман. Але тут дадае:

«З іншага боку, на Захадзе, магчыма, будзе ўзнятае пытанне і пра ўдзел у такога роду перамовах дэмакратычнай Беларусі, Святланы Ціханоўскай і яе атачэння».

«Кампенсацыя за паразу ў Сірыі». Што стаіць за заявай Мядзведзева наконт «новых рэгіёнаў» Расіі

Фрыдман: Лёс Асада паказвае, што Лукашэнку «арэшнікі» не дапамогуць

Фрыдман: Эпоха ліберальнай дэмакратыі завяршаецца

Фрыдман: Пасля вайны ціск Масквы на Лукашэнку павялічыцца

Фрыдман: Лукашэнка разумее, што фізічна не паспее перадаць уладу Колю

Nashaniva.com