У Расіі масава падпальваюць банкаматы і паліцэйскія машыны
Расійскія СМІ і тэлеграм-каналы паведамляюць, што гэтымі днямі ў розных рэгіёнах краіны пракацілася хваля падпалаў банкаматаў і паліцэйскіх машын.
20.12.2024 / 21:38
Цэлая серыя выбухаў і падпалаў банкаматаў зафіксаваная ў Маскве.
На бульвары Яна Райніса мужчына прывёў у дзеянне невядомае прыстасаванне ў аддзяленні банка, паведамілі ў ТАСС. Мяркуючы па фота, апублікаваных у тэлеграм-каналах, гэта быў феерверк. Пацярпелых няма, падазраваны затрыманы, яго матывы высвятляюцца.
У гэты ж дзень на Каровінскай шашы невядомы разліў гаручую сумесь у аддзяленні банка, а раней жанчына падпаліла банкамат на Клязьмінскай вуліцы.
У Краснаярску дзяўчына пры дапамозе гаручай сумесі падпаліла банкамат у неназваным камерцыйным банку, атрымала апёк рук і была шпіталізаваная.
За некалькі дзён да гэтага 19-гадовы студэнт зладзіў выбух у аддзяленні банка ў падмаскоўным Жалезнадарожным.
Тэлеграм-канал Baza піша пра шэраг падпалаў аўтамабіляў.
У Маскве паліцэйскае аўто гарэла ў раёне Бутава. Мяркуючы па відэа, падпальшчыка змаглі затрымаць на месцы. Пакуль хлопца закоўвалі ў кайданкі, відавочцы дапамагалі тушыць машыну снегам.
Аўто з Санкт-Пецярбурга пашанцавала менш: у яго выгарэла ўсё пад капотам. Па падазрэнні ў падпале затрыманая непаўналетняя дзяўчына.
У Цвяры падпалілі паліцэйскую «Газэль», занесеную снегам і прыпаркаваную ля Заволжскага РАУС на бульвары Шміта. Хлопец падышоў да машыны з лёгкаўзгаральнай вадкасцю, абліў і падпаліў. Пажар ён здымаў на камеру.
Таксама жыхар Санкт-Пецярбурга кінуў кактэйль Молатава ў будынак ваенкамата Ленінградскай вобласці на набярэжнай Фантанкі.
Яшчэ адна серыя падпалаў адбылася на гэтыя выхадныя ў Вялікім Камені (Прымор'е). Мужчына за паўгадзіны паспрабаваў падпаліць банк, будынак адміністрацыі і машыну МНС.
Блізкія да расійскіх сілавікоў каналы сцвярджаюць, што падпальшчыкі нібыта дзейнічаюць па ўказцы махляроў, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Менавіта яны нібыта такім чынам пераконваюць людзей удзельнічаць у «сакрэтнай аперацыі супраць махляроў».
У Мінску адкрытым полымем гарэў «Опель» ВІДЭА
У Мурманску прагрымелі выбухі ў раёне галоўнай базы расійскага Паўночнага флоту ВІДЭА
Растоўскую вобласць атакавалі 30 дронаў і тры ракеты, пад удар трапіў нафтазавод