У Нарвегіі самалёт ледзь не ўпаў у мора пры пасадцы

На заходнім узбярэжжы Нарвегіі, у аэрапорце горада Мёльдэ, у чацвер ледзь не адбылася трагедыя.

21.12.2024 / 09:55

Фота: X.com

Boeing 737 авіякампаніі Norwegian выкаціўся за межы ўзлётна-пасадачнай паласы і спыніўся ўсяго за некалькі метраў ад вады. На борце знаходзіліся 165 пасажыраў і шасцёра членаў экіпажа, піша Bild.

Інцыдэнт адбыўся пры пасадцы рэйса, які вылецеў з Осла з гадзінным спазненнем. Умовы надвор'я аказаліся складанымі: снег, абледзянелая паласа і моцны парыў ветру сталі прычынай таго, што самалёт выйшаў за межы пасадачнай зоны на 150 метраў. 

«Толькі пасля я зразумеў, што мы ўсяго за пяць метраў ад мора», — распавёў журналістам адзін з пасажыраў. 

X.com/flightradar.com

Экіпаж аператыўна правёў эвакуацыю праз аварыйныя трапы. Па словах відавочцаў, нягледзячы на стрэсавую сітуацыю, усё прайшло досыць хутка. 

Прадстаўнік авіякампаніі Norwegian Сара Нергард пацвердзіла, што прычынай інцыдэнту сталі слізкая паласа і моцны вецер. Усе члены экіпажа прайшлі праверку на ўтрыманне алкаголю, якая паказала адмоўныя вынікі.

Nashaniva.com