У Гродне п'яны кіроўца маршруткі вёз 13 пасажыраў

Прычым пасажыры абурыліся затрыманнем кіроўцы.

21.12.2024 / 12:43

У Гродне супрацоўнікі ДАІ затрымалі п'янага кіроўцу маршруткі, піша прэс-служба МУС.

Інспектары ДПС спынілі маршрутнае таксі па маршруце Гродна — Ваўкавыск, у салоне якога знаходзіліся 13 пасажыраў. Падчас праверкі дакументаў фізічны стан 47-гадовага кіроўцы выклікаў падазрэнні.

Медыцынскі агляд пацвердзіў, што мужчына знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Нягледзячы на абурэнне пасажыраў, якія жадалі працягнуць шлях з нецвярозым кіроўцам, яго адхілілі ад кіравання.

На парушальніка складзена пяць адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за кіраванне транспартным сродкам у стане ап'янення. Яму пагражае штраф у памеры 100 базавых велічынь (4 000 рублёў) і пазбаўленне правоў на тры гады.

Да адказнасці таксама прыцягнуты дырэктар фірмы-перавозчыка за допуск да кіравання кіроўцы ў стане ап'янення, а таксама за ўдзел у дарожным руху маршрутнага таксі з тэхнічнымі няспраўнасцямі.

Nashaniva.com