Колькасць ахвяр тэракту ў Германіі вырасла да чатырох, пацярпелых — да 205
Вечарам 20 снежня аўтамабіль пратараніў натоўп на кірмашы. Вадзіцелем аказаўся доктар і ўцякач з Саудаўскай Аравіі, які жыве ў Германіі з 2006 года.
21.12.2024 / 13:07
Фота: Ebrahim Noroozi / AP
Колькасць ахвяр наезду аўтамабіля на натоўп на калядным кірмашы ў Магдэбургу павялічылася да чатырох, больш за 200 чалавек пацярпелі, паведамляе Bild са спасылкай на даныя мясцовай паліцыі.
У цяжкім стане знаходзіцца 41 чалавек, яшчэ 86 знаходзяцца ў бальніцах з траўмамі сярэдняй ступені цяжкасці. 78 чалавек атрымалі лёгкія раненні.
Вечарам 20 снежня ў натоўп на кірмашы ўехаў чорны BMW, які, паводле звестак паліцыі, праехаў «не менш за 400 м». Кіроўца аўтамабіля быў аператыўна затрыманы. Ім, паводле слоў прэм’ер-міністра зямлі Саксонія-Анхальт Райнэра Хазелафа, аказаўся доктар Саудаўскай Аравіі, які працуе ў Бернбургу (знаходзіцца прыкладна за 300 км ад Магдэбурга).
Berliner Zeitung таксама адзначае, што затрыманы быў вядомы ўладам Германіі як антыісламіст.
Паводле інфармацыі газеты, мужчыну завуць Талеб аль-Абдулмахсен. Ён жыве ў Германіі з 2006 года і мае пастаянны дазвол на жыхарства. Мужчына прыехаў у краіну ў якасці запрошанага доктара падчас навучання на псіхатэрапеўта, а пазней падаў заяву на прадастаўленне прытулку, бо яму пагражалі смерцю за адступніцтва ад ісламу.