Што азначае загадкавы код R99 у прычынах смерці Уладзіміра Макея і Вітольда Ашурка?
З 20 снежня ў базах дадзеных «Кіберпартызан» з'явілася інфармацыя пра памерлых жыхароў Беларусі з афіцыйнымі прычынамі смерці — аж да 2024 года. У якасці прыкладаў хакеры апублікавалі некалькі запісаў. З іх вынікае, што экс-міністр замежных спраў Уладзімір Макей, экс-міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка, а таксама памерлы ў калоніі палітвязень Вітольд Ашурак пайшлі з жыцця ў выніку «іншых недакладна пазначаных і неўдакладненых прычын смерці». Што канкрэтна гэта можа азначаць, даведалася ў судмедэксперткі выданне «Люстэрка».
21.12.2024 / 19:04
Уладзімір Макей
У інфармацыі пра прычыны смерці, даступнай «Кіберпартызанам», код R99 адпавядае расшыфроўцы «іншыя недакладна пазначаныя і неўдакладненыя прычыны смерці» з Міжнароднай класіфікацыі хвароб.
Па словах Надзеі Гурманчук, судмедэксперткі з больш чым дзесяцігадовым вопытам, яго звычайна выкарыстоўваюць у выпадках, калі было праведзена ўскрыццё цела, каб высветліць дакладную прычыну смерці чалавека, але на момант ускрыцця прычына смерці застаецца дакладна не зразумелай або выклікае сумневы.
«Код R99 ставіцца толькі ў сітуацыі, калі на момант ускрыцця, то-бок даследавання трупа, прычына смерці не зразумелая або выклікае сумневы.
Што гэта значыць? Што доктар ці не ведае прычыну смерці, ці можа быць у ёй не ўпэўнены. І каб дакладна яе вызначыць, яму патрэбныя вынікі дадатковых даследаванняў. Ён бярэ ўзоры на дадатковыя даследаванні: гэта можа быць судова-гісталагічная экспертыза, судова-хімічная экспертыза і іншыя — у залежнасці ад таго, якую прычыну смерці доктар падазрае.
Што менавіта ён можа падазраваць: захворванне ці гвалтоўную прычыну смерці, — на гэтым этапе невядома нікому, акрамя самога доктара», — тлумачыць Гурманчук.
Калі ў доктара ёсць падазрэнні пра гвалтоўную прычыну смерці, то на гэтым этапе, пасля ўскрыцця, ён абавязаны неадкладна пра гэта паведаміць праваахоўным органам. Але ў даведцы, па словах эксперткі, усё адно будзе фігураваць дыягназ R99.
Гурманчук кажа, што дадатковыя экспертызы звычайна займаюць каля 30 дзён. Увесь гэты час у базе «вісіць» папярэдняя прычына смерці — той самы код R99. Памяняць яго могуць толькі тады, калі прыйдуць вынікі дадатковых даследаванняў і выдадуць канчатковую даведку аб смерці сваякам.
«Напэўна, «Кіберпартызаны» рана выявілі базы, — мяркуе Гурманчук. — Трэба было яшчэ пачакаць, бо гэта ўсё ўносіцца ў сістэму не адразу, а з часам. У будучыні код R99, як правіла, мяняюць на нармальную, дакладную кадзіроўку дыягназу».
Пры гэтым Гурманчук заўважае, што ў выпадку смерцяў такіх высокапастаўленых людзей, як міністраў, прастаўленне кода R99 цалкам вытлумачальнае.
«Гэта ў цэлым звычайная сітуацыя, якая сама па сабе не дае магчымасці меркаваць пра прычыну смерці: гвалтоўную ці не, гэта значыць ад якога-небудзь захворвання.
Мяркую, што ў выпадку Макея, то-бок значнай персоны, доктар проста перастрахаваўся, нават калі яму і магла быць зразумелая прычына смерці, — мяркуе суразмоўца. — Каб не атрымалася так, што ён напісаў канчатковы дыягназ, а потым прыйшлі вынікі дадатковых даследаванняў, і там аказалася нешта іншае, што дае падобную марфалагічную карціну на ускрыцці, — тады прыйшлося б мяняць дакументы, выпраўляць, бо ўскрыццё робіцца практычна ва ўсіх выпадках. Увогуле, каб не было ніякіх розначытанняў, рознагалоссяў, за якія прыйдзецца апраўдвацца».
Стала вядома афіцыйная прычына смерці Макея, Ашурка і Тарайкоўскага
Імаверная прычына смерці Уладзіміра Макея — суіцыд
Сталі вядомыя падрабязнасці трагічнай смерці міністра Аўраменкі. Тут таксама след КДБ
Былы вязень шклоўскай калоніі расказаў, хто можа быць датычны да гібелі Вітольда Ашурка