Назвалі папярэднюю прычыну пажару ў віцебскім ГЦ «Беларусь»
Папярэднюю прычыну пажару ў гандлёвым цэнтры «Беларусь» у Віцебску назваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін у эфіры тэлеканала АНТ.
21.12.2024 / 21:33
Гандлёвы цэнтр «Беларусь» у Віцебску падчас пажару
«Прычына — толькі папярэдняя. Гэта няякасна зробленая праводка, няспраўнасць праводкі, якая прывяла да перагрузкі сістэмы і кароткага замыкання. Гэта папярэдне», — сказаў Аляксандр Субоцін.
Ён адзначыў, што цяпер ідуць першасныя следчыя дзеянні.
«Я думаю, у найбліжэйшы час мы ўжо з афіцыйнай версіяй азнаёмімся: што здарылася, як здарылася, чаму. Пакуль канкрэтыкі няма, толькі папярэднія звесткі і высновы», — працягнуў старшыня Віцебскага аблвыканкама.
Пры гэтым, паводле яго, нельга выключаць і чалавечага фактара, бо інфармацыя надта супярэчлівая.
Субоцін таксама паведаміў, што ў Віцебскай вобласці правераць усе гандлёвыя цэнтры.
«Мы прынялі на ўзроўні вобласці рашэнне ва ўсіх пераправерыць пажарную бяспеку, санітарную. Але маё даручэнне было, каб гэта было максімальна незаўважна і максімальна камфортна як для тых, хто гандлюе, так і для тых, хто купляе», — сказаў ён.
Буйны пажар у ГЦ «Беларусь» у Віцебску адбыўся ўвечары 13 снежня. Пажарнікі тушылі яго некалькі гадзін. Агульная колькасць пацярпелых склала 20 чалавек, з іх адна жанчына дагэтуль знаходзіцца ў цяжкім стане — яе перавезлі для лячэння з Віцебска ў Мінск. Абгарэлы будынак у цэнтры горада, хутчэй за ўсё, аднаўляць не будуць, а проста знясуць.
МНС: Уладальнік згарэлага ГЦ у Віцебску не ліквідаваў раней выяўленыя парушэнні
Сярод затрыманых па справе пажару ў віцебскім гандлёвым цэнтры, верагодна, ягоны ўладальнік
Шмат драўляных канструкцый. Чаму ўскладнялася тушэнне пажару ў ГЦ «Беларусь» у Віцебску