У Іране будуць мяняць рыялы на туманы. Амаль за паўстагоддзя людзі так і не прывыклі да новай назвы

Прэзідэнт Ірана прапанаваў замяніць назву нацыянальнай валюты з рыялаў на туманы і правесці дэнамінацыю. Адпаведны законапраект Масуд Пезешкіян унёс у парламент, піша РБК.

21.12.2024 / 22:03

Фота ілюстрацыйнае

Згодна з дакументам, 1 туман будзе эквівалентны 10 тыс. дзейных цяпер рыялаў, то-бок з іранскіх банкнотаў прыбяруць чатыры нулі.

Прадугледжаны двухгадовы пераходны перыяд, падчас якога ў абарачэнні будзе як новая, так і старая валюта.

Пры гэтым варта адзначыць, што іранскі ўрад яшчэ ў 2019 годзе падтрымаў законапраект аб фінансавай рэформе і вяртанні да туманаў, якія былі ў абарачэнні ў краіне да Ісламскай рэвалюцыі 1979 года.

Як паведамляе іранскае дзяржаўнае агенцтва Tasnim, сваёй мэтай фінансавая рэформа ставіць барацьбу з праблемамі, выкліканымі хранічнай інфляцыяй і нізкай пакупніцкай здольнасцю валюты, — у прыватнасці, з ростам аб'ёмаў штодзённых транзакцый і негатыўным іміджам нацыянальнай валюты адносна замежных.

Цяпер іранскі рыял з'яўляецца вельмі таннай валютай — за адзін даляр мусяць даваць паводле Цэнтральнага банка Ірана больш за 420 тысяч рыялаў, але на рэальным рынку ён каштуе 770 тысяч.

Такая сітуацыя выклікае цяжкасці і ў тэрміналогіі: жыхары Ірана прывыклі скарачаць любую суму ў дзесяць разоў і называць цану ў «туманах» — валюце, якая выкарыстоўвалася ў Іране да Ісламскай рэвалюцыі 1979 года. Часам скарачэння ў дзесяць разоў не хапае, і тады суму скарачаюць яшчэ на тры парадкі, называючы пры гэтым адзінку ацэньвання ўсё тым жа «туманам».

Ліквідацыя чатырох нулёў павінна палегчыць правядзенне разлікаў.

«На працягу доўгага часу ў нас была нацыянальная валюта, якую мы запісвалі, і была нацыянальная валюта, якую выкарыстоўвалі ў вуснай мове. Рыял фактычна не існаваў у жыцці людзей», — казаў яшчэ ў 2020 годзе на той момант прэзідэнт Ірана Хасан Раўхані, абвяшчаючы пра планы замены афіцыйнай назвы нацвалюты на «туман».

Паводле слоў тагачаснага прэзідэнта, значная частка памылак у банках была звязаная з блытанінай паміж рыялам і туманам, «паколькі памыляліся і простыя людзі, і банкаўскія служачыя».

Прэзідэнт Ірана наклаў вета на закон аб абавязковым нашэнні хіджаба

У Іране затрымалі спявачку, якая праспявала без хіджаба. Але нечакана яе адпусцілі

У Іране Нобелеўскую лаўрэатку адпусцілі з турмы на 21 дзень. Палітзняволеная адбывае велізарны тэрмін

Nashaniva.com