Прагіб залічаны. Пяскоў заявіў, што пад уражаннем ад пытання беларускага блогера Улада Бумагі Пуціну
Беларускі блогер Улад Бумага 19 снежня трапіў на прамую лінію да Пуціна і моцна прагнуўся перад тым. У Крамлі гэта ацанілі. Пяскоў публічна зрабіў камплімент розуму блогера.
22.12.2024 / 14:22
Найпапулярнейшы беларускі дзіцячы блогер Улад Бумага стаў нечаканым госцем на выніковай канферэнцыі Уладзіміра Пуціна.
Пуцін з Пясковым патролілі беларуса.
— У нас нетрадыцыйны госць, — прадставіў Улада Дзмітрый Пяскоў.
— У якім сэнсе? — патроліў Пуцін.
Але блогер Улад Бумага быў вельмі сур'ёзным і кампліментарным. Ён назваў расійскія рэсурсы «нашымі», пахваліў іх, спытаў «навошта блакаваць ютуб, калі нашы пляцоўкі добра спраўляюцца?»
Акрамя таго, як «чалавек, у якога 80 млн падпісчыкаў», ён спытаў у Пуціна парады: на якіх сэнсах ён павінен выхоўваць маладое пакаленне?
У адказ на гэта прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што быў «шчыра ўражаны» беларускім блогерам.
«Мяне шчыра ўразіў вось гэты малады чалавек, ён сапраўды задаў вельмі самавітае, вельмі разумнае пытанне», — сказаў Пяскоў прапагандысту Паўлу Зарубіну.
Блогер Улад Бумага, таксама вядомы пад псеўданімам Улад А4, найпапулярнейшы беларускі блогер, які працуе для дзяцей.
Цягам доўгага часу здымаў відэаролікі забаўляльнага характару, напрыклад, удзельнічаў у чэленджы, дзе павінен быў правесці 24 гадзіны ў незвычайным месцы, застацца на ноч на батутнай арэне і іншыя. Бумагу вінавацяць у капіраванні кантэнту замежных блогераў.