У Тбілісі зачыняецца беларуская прастора Kropka

Гэта беларуская прастора працавала тры гады.

22.12.2024 / 18:00

Беларуская прастора Kropka ў цэнтры Тбілісі. Фота: «Позірк»

21 снежня там адбылося агульнае развітальнае мерапрыемства, 22-га — апошняе тэматычнае (майстар-клас «Калядная зорка»). Апошні дзень працы — 10 студзеня, піша «Позірк».

Kropka зачыняецца праз змяншэнне колькасці беларусаў, якія пражываюць у Грузіі (цяпер каля 12 тыс., што на 3 тыс. меней, чым два гады таму), прыняцце закона «аб замежных агентах» і закона, які дыскрымінуе супольнасць ЛГБТК+, паведамілі ў адміністрацыі прасторы.

Тэматычныя супольнасці працягнуць дзейнасць на іншых пляцоўках, іх анонсы па-ранейшаму будуць размяшчацца ў тэлеграм-канале Kropka.

Паводле інфармацыі адміністрацыі, за тры гады прайшло каля 800 мерапрыемстваў, у якіх удзельнічала 8,5 тыс. чалавек. Амаль 90% мерапрыемстваў арганізавалі самі наведвальнікі прасторы.

Беларусы, якія з’ехалі ў Грузію з-за пагрозы палітычных пераследаў на радзіме, сутыкаюцца з цяжкасцямі пры абнуленні тэрміну знаходжання, т. зв. візаране (без перапынку можна знаходзіцца 364 дні, затым выехаць на любы тэрмін і вярнуцца) — назад пускаюць не ўсіх журналістаў і актывістаў дыяспары. У краіне немагчыма атрымаць міжнародную абарону, нягледзячы на наяўнасць адпаведнага механізму, у амбасадах краін Шэнгенскай зоны — вялікія цяжкасці з атрыманнем кароткатэрміновых віз.

Nashaniva.com