Ці могуць не пусціць у краму за 5 хвілін да закрыцця і да якога часу павінны працаваць касіркі

Пакупніца, якая прыйшла па пакупкі ў адзін з мінскіх супермаркетаў, набрала кошык прадуктаў і падышла да касы. Аднак касірка адмовілася яе абслужыць, бо на гадзінніку было 23:01, а крама працуе да 23:00. Ці мае рацыю касірка?

22.12.2024 / 18:20

Не, тут закон на баку пакупніка.

«У адпаведнасці з п. 4 «Правілаў ажыццяўлення гандлю відамі тавараў і грамадскага харчавання», пакупнікі абслугоўваюцца ў адпаведнасці з вызначаным прадаўцом рэжымам працы. Усе пакупнікі, якія знаходзяцца ў гандлёвым аб'екце, аб'екце грамадскага харчавання ў момант заканчэння іх працы, павінны быць абслужаны», — пракаментавала агенцтву «Мінск-Навіны» начальніца ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай МАРГ Іна Гаўрыльчык.

А ці можна не пускаць людзей у краму, калі да закрыцця засталося пяць хвілін? Закон гэта забараняе.

За дзесяць хвілін да заканчэння часу працы прадавец можа папярэдзіць пакупнікоў, што яны хутка зачыняюцца.

А вось у аб'екты грамадскага харчавання (сталовыя, кафэ, рэстараны) можна перастаць пускаць за 30 хвілін да закрыцця.

Праца касавых падсумоўваючых апаратаў, праграмных кас прадаўца спыняецца пасля заканчэння разлікаў з апошнім пакупніком.

Nashaniva.com