Шрайбман адказвае, ці могуць перамовы па Украіне прайсці ў Беларусі

А таксама — ці можа на іх вырашацца пытанне беларускіх палітвязняў.

23.12.2024 / 00:45

Аналітык Арцём Шрайбман. Скрыншот відэа праграмы «Гадзіннічак цікае»

У новым выпуску праграмы «Гадзіннічак цікае» аналітык Арцём Шрайбман разважае: Беларусь можа стаць месцам перамоў толькі ў выпадку капітуляцыі Украіны, бо ў яе не будзе магчымасці выбіраць пляцоўку (напрыклад, як было ў пачатку вайны, калі не было зразумела, наколькі Украіне ўдасца выстаяць).

Але пры іншых сцэнарах, калі Украіна застаецца дастаткова моцнай, то якая матывацыя ехаць у Беларусь, задаецца пытаннем Шрайбман.

«Ты едзеш проста на тэрыторыю свайго ворага па факце. Адрозненне ад 2015 года — што Лукашэнка страціў гэту аўру нейтральнасці, цалкам. Але і тады былі пытаннечкі. І тады былі чуткі, што праслухоўка стаяла ў кабінетах заходніх і ўкраінскіх дэлегацый і перадавала ўсё ў Расію, і ў прынцыпе былі сумневы наконт таго, наколькі гэта нейтральная пляцоўка», — кажа аналітык.

Тая ж Анкара — больш прымальны варыянт.

Але вырашаць асобныя пытанні — напрыклад, вызваленне ваеннапалонных, вяртанне ўцекачоў — могуць праз Беларусь, лічыць Шрайбман.

Ці могуць беларускія палітвязні стаць часткай перамоў? Складана ўявіць, што гэта будуць абмяркоўваць на саміх перамовах, мяркуе Шрайбман. Магчыма, Лукашэнку могуць паставіць умову перад імі — калі хочаш за стол перамоў, то выпусці палітвязняў, гэта твой «уваходны квіток».

Але Шрайбман асцерагаецца, што калі Лукашэнку і «пранясуць на перамовы», то без умоў, і ён там вырашыць сваю задачу — «хоць крыху, але перагарнуць старонку».

«Ён атрымлівае згадку ў нейкім тэксце мірных перамоў, ён пасядзеў з вялікімі людзьмі, ён атрымлівае нейкае перагортванне, ён атрымлівае меншую зашкварнасць пасля — адпаведна ўмовы, якія раней хоць неяк звязваліся з правамі чалавека, спыняюць з імі звязвацца. У краіне нармалізуецца Туркменістан», — акрэслівае сцэнар аналітык.

Такі фармат, на думку Шрайбмана, нашкодзіць Беларусі.

«Пры ўсім тым, што мы можам атрымаць нейкі вывад Расіі з Беларусі, нейкае замацаванне статусу-кво, непаглыбленне нас у расійскую арбіту, мы пры гэтым атрымліваем поўную нармалізацыю таго трындзеца, які адбываецца з правамі чалавека».

Фрыдман: Уся гэтая рыторыка пра ўдзел Лукашэнкі ў перамовах ужо надакучыла ўкраінцам

Расійскае грамадства хоча вайны, паказваюць апытанні

Чаму Лукашэнка хоча ўзяць удзел у перамовах па Украіне і якіх гарантый бяспекі папросіць?

Украінскае МЗС паведаміла, на якія перамовы і гарантыі Мінск мае права прэтэндаваць

Nashaniva.com