Былы бернардзінскі кляштар спрабуюць прадаць са зніжкай у 80%
Спачатку помнік архітэктуры XIX стагоддзя ў стылі барока, які знаходзіцца ў Дуброўне, спрабавалі прадаць за $112 тысяч, але ахвотных не знайшлося. Затым цану за аб'ект знізілі ўдвая, аднак і гэтая спроба поспеху не прынесла. Чарговыя таргі па ім прызначылі на канец студзеня наступнага года.
23.12.2024 / 22:27
Гэтым разам кляштар плануюць прадаць на пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць» за $21 300 па курсе: гэта на 80% ніжэй за першапачатковую цану.
Манастыр пабудавалі з бярвення ў стылі барока ў XVII стагоддзі, але ён быў знішчаны пажарам у канцы XVIII стагоддзя. Пазней яго адбудавалі ў камені, але і той варыянт цалкам не захаваўся.
Калі верыць легендзе, то манастыр загадаў спаліць ягоны ж уладальнік, Францішак Любамірскі, нібыта з-за таго, што манахі нібыта абвянчалі ягоную дачку з бедным шляхціцам. Але пазней Любамірскі аднавіў будынак.
Цяпер ад усяго манастыра захаваўся толькі двухпавярховы жылы корпус, пабудаваны ў 1809 годзе. Ён займае плошчу ў 456 квадратных метраў. Разам з пабудовай прадаецца і зямельны ўчастак з тэрмінам арэнды на 50 гадоў.
У 1996 годзе будынак часткова адрэстаўраваны (у прыватнасці, на ім замянілі дах, аднавілі барочныя франты і ўмацавалі перакрыцці). Сёння бернардзінскі кляштар у Дуброўне занесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны.
Чарговыя таргі па аб'екце пройдуць на пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць» да 24 студзеня 2025 года. Падаць заяўку на ўдзел у аўкцыёне можна да 21 студзеня.
Пачатковы кошт лота — 74 200 рублёў.
Сядзібу ва Ушацкім раёне забралі ў былых уласнікаў і цяпер прадаюць ізноў за бесцань
Каралеўскую сядзібу Панятоўскага ў Гродне прадаюць танней за старую аднапакаёўку
У Гродне на аўкцыён выставілі воданапорную вежу