Сотні хрысціян выйшлі на акцыю пратэсту ў цэнтры Дамаска
Нагодай для пратэстаў стала спаленне каляднай ёлкі ў горадзе Сукайлабія.
24.12.2024 / 08:51
Маладыя жанчыны пазіруюць для фота з каляднымі ўпрыгожаннямі ў парку ў Дамаску, Сірыя, 22 снежня 2024 г. Фота: AP Photo / Leo Correa
Сотні дэманстрантаў выйшлі на вуліцы хрысціянскіх раёнаў Дамаска раніцай у аўторак, каб пратэставаць супраць спалення каляднай ёлкі недалёка ад Хамы, у цэнтральнай частцы Сірыі, піша «Голас Амерыкі».
«Мы патрабуем роўных правоў для хрысціян», — скандавалі пратэстоўцы, праходзячы праз сірыйскую сталіцу да будынка праваслаўнага патрыярхата.
Пратэсты ўспыхнулі крыху больш чым праз два тыдні пасля таго, як узброеная кааліцыя пад кіраўніцтвам ісламістаў зрынула ўрад Башара Асада, які ўяўляў сябе абаронцам меншасцяў у краіне з пераважна суніцкім насельніцтвам.
Адзін з дэманстрантаў, які назваў сябе Жоржам, заявіў AFP, што пратэстуе супраць «несправядлівасці ў адносінах да хрысціянаў».
«Калі нам не дазволена жыць нашай хрысціянскай верай у нашай краіне, як раней, то нам тут больш не месца», — сказаў ён.
Пратэсты пачаліся пасля таго, як у сацыяльных сетках распаўсюдзілася відэа, на якім баевікі ў масках падпальваюць калядную ёлку ў горадзе Сукайлабія з хрысціянскай большасцю.
Па дадзеных Сірыйскай абсерваторыі па правах чалавека, падпальшчыкамі былі замежнікі з ісламісцкай групоўкі «Ансар ат-Таўхід».
На іншым відэа, апублікаваным у сацыяльных сетках, рэлігійны лідар сірыйскай ісламісцкай групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Шам» (ХТШ), якая атрымала перамогу, звярнуўся да жыхароў, заявіўшы, што тыя, хто падпаліў ёлку, — «не сірыйцы», і паабяцаў, што яны будуць пакараныя.
«Ёлка будзе адноўлена і запалена да заўтрашняй раніцы», — сказаў ён.
Ісламісцкі рух ХТШ, які мае карані ў «Аль-Кайдзе» і падтрымліваецца Турцыяй, паабяцаў абараняць меншасці пасля сваёй вокамгненнай наступальнай аперацыі, у выніку якой рэжым Асада быў скінуты ў пачатку снежня.