Пенсіянерка прадала кватэру і аддала ашуканцам 100 тысяч рублёў. Яна адмаўлялася верыць, што яе падманулі

Частку грошай жанчыны выратавала работніца банка, якая западозрыла нядобрае.

24.12.2024 / 14:21

Супрацоўніца мінскага банка звярнула ўвагу на падазроныя аперацыі з буйнымі сумамі грошай, якія праводзіла 69-гадовая мінчанка. Калі банкаўская работніца спытала ў пенсіянеркі, ці не стала яна ахвярай махляроў, кліентка не адказала і збегла, пакінуўшы сваю банкаўскую карту.

Пазней высветлілася, што пенсіянерка сапраўды стала ахвярай махляроў, але ад страху і разгубленасці доўгі час адмаўляла гэта і не верыла, што яе падманулі.

Як паведамляе МУС, жанчына была на сувязі са злачынцамі з лістапада. За гэты час яна перавяла махлярам каля трох тысяч рублёў з асабістых зберажэнняў і больш за чатыры тысячы крэдытных сродкаў.

Паводле інструкцый махляроў, жанчына прадала сваю кватэру за 170 тысяч рублёў. Частку гэтых грошай яна таксама адправіла невядомым. Зламыснікі пераканалі яе, што яна «дэкларуе свае сродкі» і «ратуе жыллё ад махляроў».

Каб зрабіць гісторыю больш праўдападобнай, яны выходзілі з ёй на відэасувязь, выкарыстоўваючы сімволіку сілавікоў.

Дзякуючы пільнасці банкаўскай супрацоўніцы, удалося выратаваць каля 80 тысяч рублёў пенсіянеркі.

Аднак у цэлым жанчына паспела перавесці злачынцам не менш за 100 тысяч рублёў, якія ўжо былі выведзены на замежныя рахункі.

Nashaniva.com