Маск стварае свой уласны горад у Тэхасе

Петыцыю аб стварэнні горада Старбэйс падалі супрацоўнікі кампаніі SpaceX. Мэр ужо вядомы. У будучым горадзе пражывае каля 500 чалавек, з іх звыш сотні — дзеці.

24.12.2024 / 18:11

Ілан Маск. Фота: Susan Walsh / AP

Размовы пра тое, што Ілан Маск плануе на базе абшчыны, размешчанай побач з базай Starbase (там базіруецца яго кампанія па запуску ракет SpaceX) стварыць горад, сталі рэалізоўвацца на практыцы, піша The New York Times.

У гэтым месяцы супрацоўнікі кампаніі, якія жывуць на тэрыторыі аднайменнай абшчыны каля базы, накіравалі мясцовым уладам афіцыйную петыцыю з просьбай правесці выбары для надання ёй статусу горада.

Абшчына Starbase размешчана на паўднёвым узбярэжжы Тэхаса, на пляжы Бока Чыка, недалёка ад мяжы з Мексікай. Згодна з петыцыяй, насельніцтва Starbase складае каля 500 чалавек, з якіх 219 — пастаянныя жыхары, а таксама больш за 100 дзяцей.

Практычна ўсе жыхары працуюць у SpaceX ці маюць сваякоў, якія працуюць у гэтай кампаніі. Большасць з іх жыве ў дамах, якія належаць кампаніі і згрупаваны вакол асноўных будынкаў SpaceX. На тэрыторыі знаходзіцца як мінімум адзін рэстаран, які адкрыты толькі для супрацоўнікаў кампаніі.

Плошча будучага горада складае каля 3,9 квадратнага кіламетра, што трохі больш за Цэнтральны парк у Нью-Ёрку.

Від на базу Starbase. Фота: Jonathan Newton/The Washington Post via Getty Images

У лісце, прыкладзеным да петыцыі, Кэтрын Льюдэрс, генеральны дырэктар SpaceX па праекце Starbase, адзначыла: «Нам патрэбна магчымасць стварыць Starbase як супольнасць».

Як яна тлумачыць, праз аддаленасць Starbase кампанія SpaceX фактычна выконвае функцыі, якія звычайна належаць мясцовым уладам. Напрыклад, яна кіруе камунальнымі паслугамі (водазабеспячэнне, электрычнасць), а таксама арганізуе адукацыю і медыцынскае абслугоўванне для работнікаў і іх сем'яў.

Стварэнне горада дазволіць некаторыя з гэтых функцый перадаць у кіраванне мясцовым дзяржаўным органам, якія звычайна займаюцца такімі пытаннямі, замест таго, каб іх вырашала прыватная кампанія.

Як патлумачыў выданню адвакат Алан Бахоркес, які спецыялізуецца на дапамозе ў праходжанні юрыдычных працэдур на шляху да прызнання новай адміністрацыйнай адзінкі, афіцыйнае стварэнне горада (інкарпарацыя) дае супольнасці права выбіраць сваіх мясцовых кіраўнікоў і ствараць гарадскія сістэмы жыццезабеспячэння, напрыклад, водазабеспячэнне.

Статус горада дазволіць Старбэйс атрымліваць дзяржаўныя і федэральныя гранты, мець абарону ад некаторых відаў судовых іскаў і магчымасць адбіраць прыватную ўласнасць для грамадскіх патрэб.

На вуліцы вёскі Бока Чыка ў 2019 годзе. Цяпер яна носіць назву Старбэйс і прэтэндуе на статус горада. Фота: Loren Elliott/Getty Images

Прапанаваны Маскам новы горад мог бы стварыць уласныя службы, такія як паліцыя і пажарная ахова, а таксама прымаць свае мясцовыя законы. Але апошняе неабавязкова, бо, па словах адваката, гарады па законе абавязаныя браць на сябе вельмі няшмат. Адным з галоўных практычных пытанняў, якое ўваходзіць у кампетэнцыю гарадскіх уладаў, з'яўляецца абслугоўванне дарог.

Калі выбары будуць санкцыянаваныя ўладамі, яны дазволяць выбаршчыкам прагаласаваць за спіс з трох новых гарадскіх чыноўнікаў, у тым ліку першага мэра горада. У петыцыі гаворыцца, ім будзе менеджар па бяспецы SpaceX Гунар Мілберн.

Журналісты NYT заўважаюць, што жыхаром новага горада можа стаць і сам Ілан Маск. Хаця яго подпісу няма пад петыцыяй, ён мае дом у акрузе Камерон, дзе знаходзіцца праект Starbase, і заявіў, што прагаласаваў там на прэзідэнцкіх выбарах у лістападзе.

Як паведамляе выданне, Маск, верагодна, не абмяжуецца стварэннем толькі аднаго новага горада. Ён ужо разглядае магчымасць будаўніцтва жылых комплексаў для сваіх супрацоўнікаў у раёне, размешчаным недалёка ад горада Бастроп, які знаходзіцца ў штаце Тэхас, на поўдзень ад сталіцы штата, горада Осцін.

Там размешчаны завод SpaceX, штаб-кватэра кампаніі Boring, якая займаецца распрацоўкай тэхналогіі свідравання тунэляў, а таксама хутка адкрыюцца офісы сацыяльнай сеткі X.

Ілан Маск выказаў падтрымку «Альтэрнатыве для Германіі»

Маск першым у гісторыі дасягнуў багацця звыш 400 мільярдаў даляраў

Маск і Рамасвамі расказалі, як будуць скарачаць выдаткі. Вось чаму гэта можа моцна паўплываць і на Беларусь

Ілан Маск мог весці сакрэтныя размовы з Уладзімірам Пуціным

Антось Жупран