У конкурсе на найлепшую паштовую марку трэці год запар перамагае работа, звязаная з сілавікамі

«Белпошта» падвяла вынікі анлайн-галасавання ў конкурсе «Найлепшая паштовая марка Рэспублікі Беларусь 2024 года». Паводле іх, перамагла марка, прысвечаная гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

24.12.2024 / 16:22

Галасаванне праводзілася з 9 па 23 снежня на платформе інтэрнэт-партала РУП «Белпошта». У анлайн-галасаванні прынялі ўдзел 9484 чалавекі.

4456 галасоў, то-бок амаль палова, былі аддадзеныя за паштовы блок аўтарства дызайнеркі Марыны Круза «35-годдзе вываду савецкіх войскаў з Афганістана».

Другое месца — у работы мастака Аляксандра Міцяніна і дызайнеркі Марыны Круза «Еўрапейскі зубр», якая сабрала 3215 галасоў.

Трэцяе месца здабыў малы ліст Аляксандра Міцяніна і Марыны Круза «Птушкі Беларусі. Крумкачовыя» — у яго 405 галасоў.

Трэба адзначыць, што ў конкурсе «Белпошты» ўжо трэці год перамагаюць маркі, звязаныя з сілавымі структурамі. У мінулым годзе гэта была марка «Ратавальнік», прысвечаная супрацоўнікам Міністэрства надзвычайных сітуацый, а ў 2022-м — марка «Службовыя сабакі Памежнай службы Беларусі».

Пры гэтым конкурс 2022 года не абышоўся без скандалу з палітычным адценнем. Тады адным з прэтэндэнтаў на перамогу, калі конкурс у канцы 2022 года толькі абвясцілі, была марка ліквідаванай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» з выявай белай сініцы, але яе адразу ж знялі з конкурсу, калі яна толькі стала выбівацца наперад.

«Белпошта» збіраецца стварыць канкурэнта Wildberries

Паглядзіце, якую прыгожую марку выпусцяць вялікім накладам у Беларусі ФОТАФАКТ

У конкурсе на найлепшую паштовую марку года сёлета зноў перамаглі сілавікі

Замест белай сініцы ў конкурсе «Белпошты» перамаглі службовыя сабакі сілавікоў

«Белпошта» зняла з галасавання марку з белай сініцай

Прапагандысты апалчыліся супраць белай сініцы

Nashaniva.com