«Я думаў, што рускія хутка перамогуць, але выйшла, як заўсёды». Споведзь ідэйнага расійскага шпіёна, які атрымаў ва Украіне пажыццёвае

Агенцтва Reuters узяло інтэрв'ю ў прарасійскага калабаранта, арыштаванага ва Украіне за здраду дзяржаве. Ён быў чыноўнікам і зліваў ФСБ даныя аб украінскіх вайсковых аб'ектах і перасоўваннях прадстаўнікоў украінскіх уладаў і спецслужбаў. Мужчына патлумачыў сваю матывацыю і распавёў, аб чым цяпер шкадуе.

25.12.2024 / 08:56

Ілюстрацыйная выява арышту вайсковай контрвыведкай Службы бяспекі Украіны аднаго з расійскіх калабарантаў. Фота: СБУ

52-гадовы Алег Калеснікаў, які да арышту за шпіянаж на карысць Расіі ў 2023 годзе працаваў у якасці дзяржаўнага землеўпарадчыка ў Запарожжы, даў інтэрв'ю агенцтву Reuters, дзе распавёў аб сваёй матывацыі здрадзіць Украіне.

Мужчына гутарыў з журналістамі Reuters яшчэ да свайго пажыццёвага прысуду, які атрымаў за перадачу ФСБ даных аб перасоўваннях украінскіх вайскоўцаў, чыноўнікаў, спецслужбоўцаў і прадастаўленні каардынатаў для нанясення расійскіх ракетных удараў.

Адным з такіх эпізодаў стала знішчэнне расійскімі ракетамі гатэля Sunrise Park у Запарожжы ў верасні 2022 года, якое забрала жыццё аднаго мірнага жыхара і параніла яшчэ пяць (у гатэлі павінны былі сабрацца ўкраінскія чыноўнікі, аб чым ведаў Калеснікаў, але сустрэча так і не адбылася).

Успамінаючы тую падзею і іншыя акты шпіянажу на карысць Расіі, былы ўкраінскі дзяржслужачы заявіў, што «шкадуе пра недакладнасць некаторых расійскіх удараў, якія прывялі да смерці мірных жыхароў, і пра тое, што вайна зацягнулася». Але Калеснікаў дадаў, што супрацоўнічаў з Расіяй не дзеля грошай, а таму што шчыра верыць у ідэалогію «рускага свету»

«Я думаў, што рускія хутка прасунуцца, але выйшла так, як заўсёды. Яны плануюць адно, а адбываецца цалкам іншае», — заявіў агенцтву Reuters Алег Калеснікаў.

Былы чыноўнік адзначыў, што вырас у савецкай Украіне, а ягоны бацька быў агентам выведкі СССР, які працаваў на Кубе пад прыкрыццём перакладчыка. Акрамя таго, ягоны стрыечны брат цяпер працуе ў ФСБ Расіі. Гэтыя сувязі, на думку Калеснікава, зрабілі яго «ідэальным кандыдатам» для вярбоўкі расійскай выведкай.

«Жонка кінула мяне адразу пасля майго арышту і забрала з сабой наша 11-гадовае дзіця. Мая будучыня выглядае змрочнай, і адзіным спосабам выратаваць уласнае жыццё я бачу ўдзел у будучым абмене зняволенымі з Расіяй. Я хацеў бы, каб мяне абмянялі, але гэта залежыць не ад мяне», — падзяліўся Калеснікаў.

Служба бяспекі Украіны (СБУ) выйшла на Калеснікава пасля таго, як ягоны аўтамабіль быў заўважаны на месцы аднаго з расійскіх удараў па Запарожжы ў сакавіку 2022 года. Супрацоўнікі СБУ ўсталявалі ў машыне падазраванага праслухоўку, якая дапамагла зафіксаваць ягоныя кантакты з Віталём Кусакіным, яшчэ адным завербаваным Расіяй шпіёнам. Абодвух арыштавалі толькі ў маі 2023 года пасля атрымання дастатковых доказаў іх злачыннай дзейнасці.

На закрытым судовым пасяджэнні Калеснікаў прызнаў сябе «часткова» вінаватым, сцвярджаючы, што не ведаў пра сувязі свайго стрыечнага брата з ФСБ. Суд адхіліў гэтыя заявы, прызнаўшы былога чыноўніка вінаватым у «свядомай дапамозе замежнай дзяржаве». Калеснікаву прысудзілі пажыццёвае зняволенне, а Кусакін атрымаў 15 гадоў пазбаўлення волі.

Гісторыя Калеснікава стала часткай больш за 3200 крымінальных спраў аб дзяржаўнай здрадзе, адкрытых пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

«Яны ўсе хочуць Савецкі Саюз, але пры гэтым жыць як сёння». Сябар Лукашэнкі рэзка раскрытыкаваў савецкае мінулае і яго рэстаўратараў

Падрыў «Паўночных патокаў» ажыццявіў украінскі палкоўнік Раман Чарвінскі. Ён жа ў 2020-м выманьваў вагнераўцаў з Расіі ў Беларусь — WP

Лакалізавалі дакладнае месца знаходжання расійскага фільтрацыйнага лагера ў Нароўлі, у якім катавалі ўкраінскіх палонных

Nashaniva.com