У Мінску адкрыўся яшчэ адзін кінатэатр — за 20 метраў ад метро і з шэзлонгамі
У комплексе Prizma на станцыі метро «Партызанская» ў Мінску запрацаваў вялікі кінатэатр на 267 гледачоў. Унутры тры залы з крэсламі-трансформерамі і ляжачымі месцамі, лаундж-зона і кінабар з папкорнам і напоямі.
25.12.2024 / 18:48
Фота тут і далей: «Анлайнер»
Цэны на квіткі — ад 11 рублёў, піша «Анлайнер».
Кінатэатр Prizma Cinema размясціўся на трэцім паверсе шматфункцыянальнага комплексу. Яго плошча перавышае 900 «квадратаў». Прасторы хапіла на тры кіназалы з футурыстычным дызайнам і крэсламі розных фарматаў. Побач знаходзяцца сямейна-забаўляльны парк і фуд-корт.
Першая зала змяшчае 44 гледачоў. Для іх устаноўлены крэслы-шэзлонгі, каб глядзець фільмы лежачы. Радамі вышэй размешчаны крэслы-рэклайнеры з рэгуляваннем і індывідуальнымі столікамі. Прадугледжаны і так званыя лаўсіты (love seats) — здвоеныя крэслы для парачак з індывідуальнымі наладамі і столікамі.
У другой зале прадугледжана 101 месца, у трэцяй — 122. Унутры крэслы з адкідной спінкай і падшклянкам. Прадугледжаны і крэслы падвышанай камфортнасці для тых, хто ходзіць у кіно парамі.
Цэны на квіткі — ад 11 рублёў. Месцы на шэзлонгах даражэйшыя — ад 20 рублёў.
Prizma Cinema працуе штодня з 11 да 23 гадзін.