Міліцыянтка, якая выконвае песні нявесткі Лукашэнкі, — былая жонка палітвязня
Адна з тых, хто выконвае песні Ганны Сялук (сцэнічны псеўданім малодшай нявесткі Лукашэнкі) — лейтэнант міліцыі Ганна Благава. Яе цяпер ва ўсю круцяць па БТ і заказваюць на асабліва важныя ідэалагічныя мерапрыемствы.
25.12.2024 / 19:35
Альянс расследавальнікаў Беларусі высветліў, што Благава — гэта таксама псеўданім, за якім хаваецца Гунь Ганна Анатолеўна, якая распачала сваю міліцэйска-творчую кар'еру досыць даўно, з таго часу яна паспела паўдзельнічаць у розных конкурсах.
Местачковы музычны Алімп Ганна Благава-Гунь імкліва заваявала толькі ў 2020 годзе. Яна стала выконваць песні Ганны Сялук-Лукашэнкі. І ўзнагароды пасыпаліся як з рога багацця.
Усё пачалося з таго, што Ганна прыслухалася да парады свайго мужа (цяпер ужо былога) Сяргея Гуня, уладальніка івэнт-агенцтва: замовіць некалькі песень у тады яшчэ нікому невядомай Ганны Сялук. Гэта прывяло Ганну Благаву на галоўныя падмосткі краіны. І стала пачаткам творчага дуэта з Сялук і завяршэннем сямейнага саюза з Сяргеем Гунем.
У 2020-м Сяргей адкрыта выступіў за перамены ў краіне. Затым Сяргею далі яшчэ і рэальны тэрмін — 2,5 года па артыкуле 130 ч. 1 КК (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці). Мужчына адбываў тэрмін у калоніі «Віцьба», паўгода ён правёў у ШІЗА. Пасля вызвалення Сяргей быў вымушаны пераехаць у Варшаву.