Па квіткі на яго спектаклі гадзінамі стаяць у чэргах. Інтэрв'ю з новым рэжысёрам Тэатра лялек

Галоўны рэжысёр Лялечнага тэатра Яўген Карняг расказаў «Анлайнеру», што думае пра ажыятаж на свае спектаклі, ці будзе пераносіць іх на большую пляцоўку, як жыў у вёсцы і ці хапае яму грошай на жыццё.

25.12.2024 / 21:39

Яўген Карняг. Фота тут і далей: «Анлайнер»

Прыводзім вытрымкі з вялікага інтэрв'ю.

Яўген Карняг — вядомы беларускі тэатральны рэжысёр. Працуе як з тэатрамі лялек, так і з драматычнымі тэатрамі. Галоўным рэжысёрам Лялечнага тэатра ён стаў з сакавіка 2024 года. Сярод самых вядомых пастановак — «Не танцы», «Бетон», «Інтэрв'ю з ведзьмамі», «Запіскі юнага доктара», «Пачупкі», «Шлюб з ветрам». Актыўна супрацоўнічаў з замежнымі тэатрамі.

Пра ажыятаж на спектаклі і тое, ці не думае перанесці іх на большую пляцоўку

Карняг расказвае, што ажыятаж на яго спектаклі здараўся і раней. Напрыклад, у 2021-м на «Запіскі юнага доктара». Тады квіткі на прэм'ерныя спектаклі раскупілі за два дні. «Для тэатра гэта быў нонсэнс», — кажа рэжысёр.

Ён прызнаецца, што ад такога ажыятажу яму страшна.

«Ты ідзеш на працу і бачыш велічэзную чаргу. Пры гэтым спектакль не зроблены, але людзі ўжо чагосьці чакаюць. Чакаюць два месяцы. А потым прыходзяць, глядзяць і кажуць: «А, не. І чаго мы чакалі?» Вось гэтага я асцерагаюся. Трэба разумець, што ў натоўпе шмат агрэсіі, і гэта не ёсць добра. Мне ад гэтых людзей не дастаецца, але атрымліваюць іншыя. Да прыкладу, наш касір. Адна жанчына, пачуўшы, што на спектакль няма свабодных квіткоў, адказала ёй вельмі груба, развярнулася і сышла. Каб зразумець, як пры ўсім гэтым правільна прадаваць квіткі, трэба час. Неабходна наладзіць сайт, і цяпер у тэатры актыўна займаюцца гэтымі пытаннямі.

Але ў любым выпадку гэта прыемна, калі бачыш, што вакол тваіх спектакляў такі ажыятаж. У такія моманты ты разумееш, што тэатр сапраўды запатрабаваны».

Пра магчымасць перанесці спектаклі Тэатра лялек на больш буйную пляцоўку рэжысёр кажа так:

«Пра перанос на вялікую сцэну я думаю ў кантэксце «Запісак юнага доктара» — шалёна папулярнага спектакля. Мы, магчыма, і ставілі б гэты спектакль два разы на дзень, каб усе ахвотныя змаглі яго паглядзець. Але гэта немагчыма: акцёру проста фізічна цяжка граць двойчы ў дзень. І зараз я разважаю над тым, як перанесці спектакль на вялікую сцэну, павялічыць маленькіх лялек, але пры гэтым не страціць атмасферу.

Усё ж такі калі мы паказвалі яго ў «Балтыйскім доме» ў Санкт-Пецярбургу, у нейкі момант я адчуў, што энергетыка знікае. А гэтага б не хацелася».

Пра «Мроіва» і вёску ў сваім жыцці

Новы спектакль «Мроіва» — пра зніклую беларускую вёску і нашы карані. Падчас спектакля гучыць гісторыя актрысы Ганны Гаспадарык. Тэма вёскі важная для самога Карняга.

«Я абсалютна вясковы чалавек. Мая вёска — Забалацце —знаходзіцца ў магілёўскім кірунку. Заканчваўся навучальны год, я ехаў у вёску і праводзіў там усё лета. Я хадзіў басанож, ведаў усе лясы ў ваколіцах, і некаторыя нават прапаноўвалі мне грошы, каб я паказаў ім грыбныя месцы. Калі мне было 12, памерла бабуля. У сям'і была цяжкая сітуацыя, і трэба было зрабіць выбар: альбо я сяджу ўсё лета ў Мінску, пакуль мама працуе, альбо еду ў вёску і буду жыць там на вакацыях самастойна. У мяне не было ні газавай пліты, ні электрычнай, ні халадзільніка. Але былі парнік, куры, за якімі трэба было глядзець.

Першы год па просьбе мамы за мной прыглядалі суседзі, але потым гэтага ўжо не патрабавалася. Я стаў зусім свядомым чалавекам: сам мог прыгатаваць сабе ежу, развесці агонь і не падпаліць дом. Так я стаў абсалютна мясцовым жыхаром».

Пра тое, як стаў акцёрам тэатра лялек, каб не ісці ў войска

У школе Карняг пайшоў у тэатральны клас. Тлумачыць, чаму пазней вырашыў вучыцца не на драматычнага акцёра, а на акцёра тэатра лялек:

«Усё проста: я не хацеў у войска, быў набор толькі на лялечнікаў, і я паступіў. Але я не хацеў быць акцёрам тэатра лялек — толькі драматычным.

Які лялечны тэатр? Для мяне ён тады асацыяваўся з дзіцячымі спектаклямі. Я планаваў, што з часам перавядуся, але, адвучыўшыся год ва ўзрушаючага педагога Аляксея Анатольевіча Лялеўскага, зразумеў, што ад гэтага майстра сыходзіць не хачу. Ён даў мне і разуменне прафесіі, і разуменне лялькі. Пасля яго многія акцёры паспяхова працавалі ў тым ліку ў драме».

Пра Карняга кажуць, што яму цікавая эксперыментальная сцэна. Працаваць у гэтым кірунку ён рашыў падчас вучобы ў Акадэміі мастацтваў.

«Я пачаў разумець, што тэатр павінен нараджацца з ідэі — унутры, а не звонку, калі проста арганічны чалавек крыўляецца і скача па сцэне. Для мяне ідэя заўсёды першасная. І так адбылося, што менавіта гэта стала адрозніваць мяне ад традыцыйнага тэатра, і я вельмі доўга ўцякаў ад класічных пастановак пісьменнікаў і драматургаў.

Мне хацелася даказаць, што я сам магу трымаць увагу публікі, не звяртаючыся па дапамогу твораў знакамітых драматургаў. Таму рабіў свае аўтарскія праекты.

У мяне, да прыкладу, быў спектакль Birthday Party, ён доўжыўся 58 хвілін без адзінага слова, але пры гэтым глядач разумеў, што адбываецца».

Пра казус з крытыкам на спектаклі

У 2010 годзе на фестывалі «Март-контакт» у Магілёве быў выпадак, калі адзін з членаў журы падчас спектакля Карняга ўстаў і пакінуў сваё месца. Рэжысёр згадвае:

«Дзеянне спектакля «Кафэ Паглынанне» праходзіла ў сапраўдным начным клубе, на кагосьці з журы трапіла вада — і ўсё.

Таму крытыку, які прыходзіць на спектакль з запытам «Здзівіце мяне!», хочацца сказаць, што вы патрапілі не туды! Найлепшыя крытыкі, якіх я сустракаў, — гэта тыя, якія прыходзілі і не імкнуліся [са старту] крытыкаваць, а спрабавалі атрымаць задавальненне, каб потым вярнуцца, паглядзець яшчэ раз і ацаніць. Але калі ты з самага пачатку прыходзіш з кіслай мінай, нічога не атрымаецца. Можна сябе так запраграмаваць, што табе не ўставіць ніякае мастацтва».

Ці сам ходзіць у тэатры

Сам рэжысёр кажа, што ў Мінску ўжо даўно не ходзіць у іншыя тэатры.

«Бо не бачу ў рэпертуарах таго, што магло б мяне зацікавіць. Калі кудысьці выбіраюся, стараюся даведвацца, што найлепшае ёсць у гэтым горадзе, і спрабую туды патрапіць. Але проста правесці вечар у тэатры — гэта не маё. У мяне ёсць знаёмыя, якія заўсёды нешта раяць. У планах — «Халопы» Андрэя Магучага ў Вялікім драматычным тэатры імя Таўстаногава ў Пецярбургу».

Ці лічыць сябе артхаусам

Як Карняг рэагуе, калі яго спектаклі называюць артхаусам?

«Я — артхаус? Окей. Часам яшчэ можна сустрэць такое вызначэнне: «Гэты тэатр не для ўсіх». А пакажыце мне, калі ласка, тэатр для ўсіх. Дзе ён? Хоць адзін? Няма такіх. Калі ўлічваць папсу, туды я сам не пайду. А калі мяне там не будзе, значыць, гэты тэатр таксама не для ўсіх. (…)

Артхаус кожны ўспрымае па-свойму. Калі мне нешта не падабаецца, я ж не пішу Таранціна: «Што ты зняў?! Які ж гэта жах і кашмар!» Я проста раблю свае высновы і разумею, буду глядзець далей ці не. Але ёсць людзі, якія адзначаюць мяне ў сацсетках, пішуць, што Тэатр лялек іх больш не натхняе і яны сюды больш ні нагой. Так пасля «Мроіва» напісаў адзін з гледачоў. Не хочаш — не хадзі».

Пра грошы

Карняг кажа, што даўно фінансава незалежны.

«Ад заробку да заробку не жыву і ніколі не эканомлю, не пазычаю. Калі трэба дапамагчы блізкім, то дапамагу. Гэтага стану, насамрэч, мне хацелася дасягнуць даўно. У дзяцінстве пастаянна былі нейкія абмежаванні, калі я не мог чагосьці сабе дазволіць.

Але цяпер прыйшоў час, калі я не гляджу на цэны ў меню і магу дазволіць сабе многае.

Пры гэтым я вельмі люблю хадзіць пешшу да дома (да яго ад тэатра 8 кіламетраў) і таксі выкарыстоўваю толькі па патрэбе».

Артхаус у беларускай вёсцы. Новы спектакль Карняга, на які ізноў было амаль немагчыма выхапіць квіткі

«Былі тыя, хто прыехаў а 6-й раніцы». Мінчукі выстраіліся ў вялізную чаргу, каб набыць квіткі ў тэатр

Галоўным рэжысёрам Лялечнага тэатра стаў Яўген Карняг — чаму яго можна лічыць адной з асноўных зорак беларускага тэатра проста цяпер?

Nashaniva.com