Пашкоджанні кабеляў працягваюцца. На гэты раз адзін з іх абарваны паміж Эстоніяй і Фінляндыяй

Як і ў папярэдніх выпадках, праваахоўныя органы падазраюць дыверсію. У момант пашкоджання над кабелем праплывала судна пад сцягам Ганконга.

25.12.2024 / 23:57

Днём 25 снежня экстранна спынілася падача электраэнергіі па кабелі Estlink 2, які злучае Фінляндыю і Эстонію, перадае фінскае выданне Yle. Фінская сеткавая кампанія Fingrid паведаміла, што кабель быў разарваны.

У кампаніі не выключылі версію з сабатажам, але падкрэслілі, што прычыны здарэння яшчэ трэба высветліць. Адзначаецца, што ў месцы, дзе адбыўся разрыў, было заўважана судна Xin Xin Tiang 2, якое ходзіць пад сцягам Ганконга. У момант пашкоджання кабеля судна рухалася з Санкт-Пецярбурга ў Порт-Саід, Егіпет.

Фінляндыя і Эстонія сумесна валодаюць энергакабелямі Estlink 2 і Estlink 1. Даўжыня Estlink 2 складае каля 170 км, 145 км з якіх пралягаюць па марскім дне Фінскага заліва. 

Магутнасць Estlink 2 дасягае 650 мегават. Магутнасць іншай лініі электраперадачы паміж Эстоніяй і Фінляндыяй, Estlink 1, складае 350 МВт.

Нагадаем, што ў пачатку снежня быў разарваны ў двух месцах кабель сувязі, што пралягае па дне Балтыйскага мора і звязвае Швецыю і Фінляндыю. Раней, 18 лістапада, былі абарваныя два падводныя інтэрнет-кабелі, якія злучаюць Фінляндыю і Германію, а таксама Швецыю і Літву. У момант абрыву ў гэтым раёне мора знаходзілася кітайскае судна Yi Peng 3, капітанам якога быў грамадзянін Расіі. Экіпаж судна падазраюць у акце сабатажу.

Літва не знайшла прыкмет дыверсіі ў падзенні самалёта ў Вільні

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу

«Я думаў, што рускія хутка перамогуць, але выйшла, як заўсёды». Споведзь ідэйнага расійскага шпіёна, які атрымаў ва Украіне пажыццёвае

Nashaniva.com