Трамп жартам прапанаваў Уэйну Грэцкі балатавацца на пасаду прэм'ера Канады

Абраны прэзідэнт ЗША працягвае жартаваць пра Канаду як будучую частку Злучаных Штатаў.

26.12.2024 / 08:54

Уэйн Грэцкі. Фота: Wikimedia Commons

У сацыяльнай сетцы Truth Social Дональд Трамп прапанаваў легендарнаму хакеісту і рэкардсмену НХЛ па колькасці закінутых шайбаў Уэйну Грэцкі стаць прэм’ер-міністрам Канады.

«Я толькі што сустрэўся з Уэйнам Грэцкі, якога ў хакейных колах называюць «вялікім». Я сказаў яму: «Уэйн, чаму б табе не балатавацца на пасаду прэм’ер-міністра Канады, якая хутка стане пасадай губернатара Канады — ты лёгка пераможаш, і табе нават не трэба будзе весці кампанію». Гэта яго не зацікавіла, але я думаю, што жыхары Канады павінны пачаць яго прасоўваць. За гэтым было б цікава назіраць!» — напісаў Трамп.

Раней Трамп неаднаразова жартаваў наконт таго, што Канада стане 51-м штатам ЗША, адзначыўшы, што такі крок можа значна знізіць выдаткі канадцаў.

У жарт ён назваў прэм’ер-міністра Канады Джасціна Трудо «губернатарам вялікага штата Канада».

Дзядуля нападніка НХЛ Уэйна Грэцкі быў выхадцам з вёскі Агдэмер (сёння — Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці) і нарадзіўся ў 1892 годзе.

У пачатку XX стагоддзя Цярэнцій Лаўрэнавіч Грэцкі перабраўся ў Канаду праз Чыкага. Ён эміграваў з жонкай Ганнай і сынам Зіновіем. У новым заакіянскім жыцці дзядуля Уэйна пачаў насіць імя Тоні.

Неўзабаве ён развёўся са сваёй жонкай і пазнаёміўся з Марыяй з Цярнопальскай вобласці Украіны. У іх нарадзіўся сын Уолтар, які і стаў бацькам будучай легенды НХЛ.

Уэйн Грэцкі гуляў у НХЛ паміж 1978 і 1999 гг. За 21 год кар'еры ён устанавіў 61 рэкорд лігі.

Найвялікшым дасягненнем з'яўляецца найбольшая колькасць закінутых шайб — 894 у 1487 гульнях.

У 2010 годзе Грэцкі пабываў у Мінску, прыехаўшы на матч зорак КХЛ. Тады яму была арганізавана сустрэча з сястрой Галінай Салдаценкавай.

Стала вядома дакладнае месца нараджэння дзеда Уэйна Грэцкі — і гэта не Гродзеншчына, як лічылася раней

Nashaniva.com