У ФСБ РФ заявілі пра зрыў серыі замахаў на высокапастаўленых вайскоўцаў Мінабароны
Пасля забойства ў цэнтры Масквы расійскага генерала Ігара Кірылава ў ФСБ РФ заявілі, што прадухілі серыю замахаў на высокапастаўленых вайскоўцаў Мінабароны і членаў іх сем'яў.
26.12.2024 / 09:11
Начальнік войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны УС РФ, генерал-лейтэнант Ігар Кірылаў і яго памочнік былі забіты выбухам 17 снежня ў Маскве. Падазраваны — грамадзянін Узбекістана, які, па версіі расійскага следства, быў завербаваны ўкраінскімі спецслужбамі.
Сарваная серыя, паводле заявы ФСБ РФ, рыхтаваліся спецслужбамі Украіны.
Аднаго з высокапастаўленых кіраўнікоў Мінабароны, расказвае ФСБ, планавалі падарваць у аўтамабілі з дапамогай бомбы пад выглядам паўэрбанка. Завербаваны для выканання тэракту расеец затрыманы.
Затрыманне аднаго з падазраваных у падрыхтоўцы замахаў на расійскіх вайскоўцаў. Кадр відэа ФСБ РФ
Яшчэ аднаго з высокапастаўленых вайскоўцаў Мінабароны РФ планавалі падарваць бомбай, схаванай у тэчцы з дакументамі. Затрыманыя двое грамадзян Расіі, якія павінны былі даставіць замаскіраваную выбухоўку, сцвярджае ФСБ РФ.
Таксама затрыманы расіянін, які праводзіў разведку па месцах жыхарства і працы высокапастаўленых вайскоўцаў Мінабароны і членаў іх сем'яў.
Усім чацвярым затрыманым пагражае пажыццёвы тэрмін.