Ва Уладзімірскай вобласці Расіі мужчына на ўседарожніку пратараніў ваенкамат, а затым падпаліў аўтамабіль

З 13 снежня расіяне здзейснілі не менш за 50 падпалаў банкаў, паліцэйскіх машын, паштовых аддзяленняў і іншых аб’ектаў пад уздзеяннем тэлефонных махляроў.

26.12.2024 / 09:17

Фота: А. Сакалова

Мужчына ўехаў у будынак ваенкамату ў Гусь-Хрустальным, пратараніўшы браму плота, а затым падпаліў свой аўтамабіль. Мэр горада Аляксей Сакалоў у сваім тэлеграм-канале назваў яго «чарговай ахвярай украінскіх махляроў», піша «Настоящее время».

Рэгіянальнае ўпраўленне СК завяло крымінальную справу аб наўмысным пашкоджанні чужой маёмасці. Паведамляецца, што мужчыну затрымалі на месцы злачынства, і што падпальшчык «растлумачыў, што дзейнічаў па ўказаннях невядомых асоб, з якімі размаўляў па тэлефоне».

Раней «Медыязона» падлічыла, што з 13 снежня расіяне здзейснілі не менш за 50 падпалаў банкаў, паліцэйскіх машын, паштовых аддзяленняў і іншых аб’ектаў пад уздзеяннем тэлефонных махляроў.

У сваю чаргу дзяржаўнае расійскае агенцтва ТАСС сёння паведаміла са спасылкай на крыніцы ў сілавых структурах, што ў Расіі за апошнія дзесяць дзён было здзейснена больш за 40 падпалаў і выбухаў па заданні махляроў.

Nashaniva.com