Іван Наскевіч выдаў кнігу пра Следчы камітэт — які ён раней узначальваў
Наскевіч і яго суаўтар, суддзя Канстытуцыйнага суда Леанід Рабцаў, сфармулявалі Канцэпцыю рэалізацыі дзяржаўнай кадравай палітыкі ў сістэме органаў папярэдняга следства і прапануюць прыняць яе.
26.12.2024 / 10:21
Іван Наскевіч
Былы старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч стаў суаўтарам манаграфіі, прысвечанай кадравай палітыцы ў ведамстве. Разам з суддзёй Канстытуцыйнага суда Леанідам Рабцавым ён падрыхтаваў навуковае выданне «Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь як суб'ект рэалізацыі дзяржаўнай кадравай палітыкі ў сістэме органаў папярэдняга следства: адміністрацыйна-прававыя аспекты» (PDF).
Кніга выйшла ў снежні 2024 года ў дзяржаўнай арганізацыі «Будмедыяпраект».
У ёй Наскевіч і Рабцаў сфармулявалі Канцэпцыю рэалізацыі Следчым камітэтам дзяржаўнай кадравай палітыкі ў сістэме органаў папярэдняга следства і прапануюць прыняць яе.
Што ў кнізе цікавае, дык гэта вынікі анкетавання больш чым 300 супрацоўнікаў Следчага камітэта. Складана ацаніць праўдзівасць адказаў, але некаторыя з іх сведчаць пра рэальныя праблемы ў сістэме.
Напрыклад, якія ёсць асноўныя недахопы працы з маладымі супрацоўнікамі? 47% апытаных называюць адсутнасць рэальнага заахвочвання за працу, яшчэ 21% прызнае, што такая праца зводзіцца толькі да фармальнага афармлення справаздач.
У адказе на пытанне пра праблемы падбору кадраў 47% апытаных кажуць, што кандыдаты на службу маюць недастатковую падрыхтоўку для таго, каб працаваць следчымі.
36% рэспандэнтаў мяркуюць, што на працу ў СК можна браць людзей, якія маюць веды ў інфармацыйных тэхналогіях, эканоміцы і фінансах, але не атрымалі вышэйшую юрыдычную адукацыю. Яшчэ 48% пагаджаюцца з тэзісам, аднак лічаць, што такім людзям усё ж трэба прайсці перападрыхтоўку.
А сярод недахопаў ідэалагічнай працы 50% называюць яе залішнюю фармальнасць, 21% — тое, што няма мерапрыемстваў, якія ўплываюць на выніковасць следчай дзейнасці, 17% — што ідэалагічная праца зводзіцца да спартыўнага складніку.
Іван Наскевіч нарадзіўся ў 1970 годзе ў Столінскім раёне. Скончыў Украінскую дзяржаўную юрыдычную акадэмію (1995), Палескі дзяржаўны ўніверсітэт (2005) і Акадэмію кіравання (2016). Кандыдат юрыдычных навук.
У 1995-2015 года служыў у органах пракуратуры Брэсцкай вобласці. У 2015-2021 узначальваў Следчы камітэт.
Лічыўся прадстаўніком ліберальнага крыла сілавікоў. Следчы камітэт пры ім збіраў факты катаванняў на Акрэсціна. Аднак ходу гэтай ініцыятыве не далі, а Наскевіч быў адпраўлены ў адстаўку. Разам з тым, лічыцца, што менавіта ён прапанаваў ідэю заводзіць крымінальныя справы на абсалютна ўсіх удзельнікаў акцый пратэсту па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу.
Як склаўся лёс сiлавiкоў, што душылі народ у 2020 годзе
Крыніцы: Наскевічу не знайшлося пасады, ён дагэтуль беспрацоўны. Падрабязнасці