З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай
Тэлеграм-канал ВЧК-ОГПУ сцвярджае, што яму ўдалося азнаёміцца з поўнай расшыфроўкай перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам у Грозным.
26.12.2024 / 10:32
Скрыншот відэа
З дыялогаў вынікае, што першапачаткова судна стала ахвярай глушылак для БПЛА, якія тады працавалі з-за атакі беспілотнікаў. Як толькі лайнер пачынаў зніжацца для пасадкі, у яго перастаў працаваць GPS, а дыспетчар губляў radar contact.
Пілот не мог у такіх умовах пасадзіць самалёт і прыняў рашэнне ляцець у Баку. Калі ён стаў разварочвацца для гэтага, побач адбыўся выбух — усё сведчыць пра тое, што ў борт трапілі сродкі СПА.
З расшыфровак вынікае, што экіпаж неаднаразова паведамляў, што перасталі працаваць датчыкі GPS. Пры тым, што борт ужо чакалі ў аэрапорце, запальваліся агні пасадачнай паласы. Але як толькі самалёт зніжаўся, то адбываліся непаладкі, якія, імаверна, былі выкліканыя глушылкамі БПЛА.
У 07:53 і 07:55 сістэмы адключаліся амаль цалкам, экіпаж паведамляў, што не можа выкарыстоўваць занальную навігацыю (метад самалётакіравання), і ніякія іншыя магчымасці. Прычым дыспетчар таксама губляў radar contact і ў такіх умовах не мог весці самалёт на пасадку.
Вынікае, што самалёт у аэрапорце Грознага ніхто не разварочваў, і ўмовы надвор'я тут ні пры чым.
Борт спрабавалі пасадзіць з 07:36 (першая сувязь з дыспетчарам Грознага). У працэсе часта знікала сувязь або ў эфіры былі перашкоды, а экіпаж спрабаваў заходзіць на пасадку амаль усляпую, удакладняючы даныя аж да вышыні, на якой ляціць самалёт.
Апошняя спроба зайсці на пасадку прайшла амаль у поўным маўчанні. З 08:10 да 08:11:50 у эфіры маўчалі ўсе, але замест прызямлення на паласу нумар 26 экіпаж паведаміў «рушым на Баку».
У 08:12 экіпаж зноў паведамляе пра страту сігналу на абодвух датчыках GPS і просіць каардынаваць палёт дыспетчара, што ён і робіць наступныя некалькі хвілін.
У 08:16 экіпаж паведамляе трывожную інфармацыю: «У нас не працуе кіраванне, удар птушак у кабіне. Удар птушак у кабіне (неразборліва)». Потым некалькі разоў паўтарае адно і тое ж, пры гэтым называючы птушак у множным ліку.
Якраз у гэты час побач з суднам адбыўся выбух, і ўдары паражальнымі элементамі экіпаж мог прыняць за сутыкненне з чарадой птушак.
Далей дыспетчар пытаецца, ці патрэбная нейкая дапамога, а экіпаж перш за ўсё запытвае даныя пра надвор'е ў аэрапорце ў Мінводах і потым пацвярджае, што дапамога патрэбна. Следам трывога прасочваецца ўжо ў дыспетчара — ён некалькі разоў у эфіры паўтарае: «у 16-ю хвіліну», як быццам ён кажа адначасова з некім іншым і з ім супастаўляе час паведамлення аб сутыкненні з птушкамі з нейкімі іншымі падзеямі.
Той самы ўдар, паводле даных крыніцы ВЧК-ОГПУ, адбыўся над Наурскім раёнам Чачні, у гэтай мясцовасці размешчаныя адразу некалькі вайсковых часцей, у тым ліку і са сродкамі СПА.
У 08:18 экіпаж паведаміў дыспетчару, што страчвае кіраванне самалётам.
Далей экіпаж запытаў даныя па аэрапорце ў Махачкале, і неаднаразова паведамляў пра тое, што перастала працаваць яшчэ і «гідраўліка».
Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу
Сёння ў Азербайджане дзень жалобы