Стала вядома, хто хаваецца за псеўданімам галоўнай расійскай даносчыцы Карабковай. Яна пісала данос на «Белсат»

Два гады таму сацыяльны антраполаг Аляксандра Архіпава даведалася, што на яе напісала данос нейкая Ганна Карабкова. З тых часоў Карабкова зрабіла дзясяткі даносаў на іншых людзей і дала інтэрв'ю шматлікім СМІ, у якіх яна паўставала ў якасці серыйнай даносчыцы. Архіпава ўвесь гэты час спрабавала даведацца, ці рэальны чалавек Карабкова і хто за ёй стаіць, каб зразумець, як уладкована сучаснае даносніцтва ў Расіі. Вынікамі свайго расследавання антраполаг падзялілася з Бі-бі-сі.

26.12.2024 / 12:55

 

Фота з профілю Івана Абатурава на «Вікінавінах»

Сярод шматлікіх даносаў Карабковай ёсць і данос на тэлебачанне «Белсат» і на рэдакцыю «Радыё Свабода». 

У рускамоўнай «Вікіпедыі» на старонцы пра Карабкову былі апублікаваны сканы адказаў расійскіх ведамстваў, напрыклад, лісты з Генпракуратуры РФ з анонсамі праверак гэтых выданняў па факце яе зваротаў, а таксама адрасаваныя ёй справаздачы Генпракуратуры аб прызнанні гэтых выданняў непажаданымі арганізацыямі.

Сацыяльны антраполаг Аляксандра Архіпава і лінгвіст Данііл Скарынкін зрабілі сваё расследаванне і сцвярджаюць, што пад імем серыйнай даносчыцы Ганны Карабковай хаваецца екацерынбургскі журналіст, вікіпедыст Іван Абатураў.

Архіпава і Скарынкін заўважылі, што запісы Карабковай падобныя на нататкі Абатурава на «Вікінавінах»: у іх выкарыстоўваюцца аднолькавыя маўленчыя абароты, дапускаюцца адны і тыя ж памылкі, таксама IP-адрас, з якога адпраўляліся даносы, у Карабковай і Абатурава супадаў. Гэтыя і іншыя прыкметы, якія яны прыводзяць у расследаванні, не пакідаюць сумневаў у тым, што гэта адзін і той жа чалавек. 

Раней Іван Абатураў трапляў у публічныя скандалы, звязаныя з даносамі. У жніўні 2022 года дырэктар выдавецтва «Нестар-Гісторыя» Сяргей Эрліх распавёў, што ў іх офіс прыйшла паліцыя па даносе Абатурава Івана Мікалаевіча, які ўгледзеў у кнізе выдавецтва аб Халакосце ў Румыніі «лжывыя звесткі аб дзейнасці СССР у гады Другой сусветнай вайны».

Сам Абатураў таксама не хаваў прыхільнасці да даносаў.

«Журналіст пры Сталіне быў хадзячай пракуратурай. Я таксама такім быць хачу!» — пісаў Абатураў у 2019 годзе ва «УКантакце».

На пытанне карэспандэнта Бі-бі-сі ва «УКантакце», ці сапраўды ён піша даносы пад імем «Карабковай», Абатураў коратка напісаў: «Добры дзень. Вы памыліліся». Пасля гэтага ён перастаў адказваць на паведамленні.

Nashaniva.com