У Мінску здаюць у арэнду кватэру без вадаправода, каналізацыі і прыбіральні

 Колькі просяць за такія ўмовы?

26.12.2024 / 14:48

У Мінску шмат самага разнастайнага жылля. І ўсё ж такі на рынку нерухомасці можна кожны раз знайсці нешта новае і дзіўнае. На гэты раз прапануюць кватэру ў шматкватэрным доме-бараку, у якім няма ніякіх выгодаў, піша Blizko.by.

У аб’яве прапануецца ў арэнду кватэра ў 2-павярховым цагляным доме на вуліцы Кузьмы Мініна. Нумар дома не ўказаны, але на фота можна разгледзець пяцёрку на адраснай таблічцы. На ўсёй вуліцы Кузьмы Мініна ёсць усяго пяць жылых двухпавярховак, і параўнанне фота з панарамамі пацвярджае, што гэта сапраўды дом №5 па вуліцы Кузьмы Мініна.

А што ёсць?

Ёсць падсобка, якую можна абсталяваць як другі пакой, мэбля, дзве раскладныя канапы, рамонт — здавальняючы, газавая пліта, плошча 30 кв.м.

Прыгожы від з акна, вокны выходзяць у двор, дзіцячая пляцоўка, побач гіпермаркет, побач зялёная зона, халадзільнік таксама ёсць (вельмі непрывабнага выгляду).

Гаспадар хоча здаць кватэру на доўгі тэрмін, прычым «без дзяцей, без праблем з алкаголем».

Кошт арэнды — 120 даляраў у месяц + камунальныя плацяжы. Таксама гаспадар патрабуе заклад, які абяцае вярнуць пры высяленні.

Nashaniva.com