Кізім абвяргае, што ва Украіне з пераліку моў, што знаходзяцца пад асаблівай абаронай, выкрэсліваюць беларускую

Пасол Украіны па асаблівых даручэннях па Беларусі Ігар Кізім зрабіў адмысловую заяву наконт выкрэслівання беларускай мовы са спісу тых, што знаходзяцца ва Украіне пад асаблівай абаронай. Інфармацыя пра такую перспектыву з'явілася ў розных пабліках пасля заявы прадстаўніка ўраду ў Вярхоўнай Радзе Тараса Мельнічука.

26.12.2024 / 14:56

Пасол Украіны па асаблівых даручэннях па Беларусі Ігар Кізім. Фота: Ihor Kyzym / Facebook

Кізім абвяргае, што Кабмін Украіны ўхваліў змены ў праект закона, які тычыцца Хартыі аб рэгіянальных мовах і, быццам бы там прыбралі беларускую мову са спісу моў, развіццё якіх патрабуе дзяржаўнай падтрымкі.

«Нават на тое, што пасяджэнне Кабінета міністраў толькі сёння, ніхто не звяртае ўвагі», — напісаў ён.

Затое, паводле яго слоў, адразу пайшлі ўжо негатыўныя каментары, СМІ падхапілі «гэтае трызненне».

«Паслухайце, ну паглядзіце праект на афіцыйным сайце, ён у публічным доступе. Там беларуская мова стаіць наперадзе ўсіх пералічаных у пабліках моў (у адпаведнасці з алфавітам). Так што супакойцеся «хайпушнікі». Як гаворыцца, не падтрымлівайце хоць і прымітыўнае, але ўсё ж ІПСА расійска-беларускіх афіцыйных уладаў і / або прапагандыстаў», — напісаў ён.

24 снежня з'явілася інфармацыя, што Кабінет міністраў Украіны адобрыў праект закона, якім прапануе прыбраць з пераліку моў, якія падлягаюць асаблівай абароне, беларускую і рускую. 

Nashaniva.com