ШІ-агенты заменяць праграмы: гендырэктар Microsoft прадказвае рэвалюцыю ў карыстанні камп’ютарамі

Людзі будуць мовай тлумачыць штучнаму інтэлекту задачы, ён будзе выконваць. Гэта зменіць і задачы праграмістаў.

26.12.2024 / 23:09

Фота: Alighayoor / Wikimedia Commons

На ютуб-канале Matthew Berman генеральны дырэктар Microsoft Сацья Надэла (Satya Nadella) падзяліўся сваімі прагнозамі наконт будучыні праграмнага забеспячэння. Змены чакаюцца каласальныя.

Канец традыцыйных дадаткаў

Цяпер кампаніі ствараюць асобныя дадаткі, званыя SaaS (Software as a Service — праграмнае забеспячэнне як паслуга). Гэта воблачныя сэрвісы, дзе замест загрузкі праграмы на камп’ютар карыстальнік атрымлівае доступ да яе праз інтэрнэт-браўзэр. 

Кожная праграма мае карыстальніцкі інтэрфейс, базу даных і «бізнэс-логіку»: набор правілаў, якія вызначаюць, што менавіта робіць праграма. Напрыклад, у сістэме продажаў логіка можа аўтаматычна адпраўляць напамін пры спазненні плацяжу.

Сацья Надэла прагназуе, што гэтыя аўтаномныя праграмы і інтэрфейсы знікнуць. На яго думку, тое, як мы сёння карыстаемся праграмным забеспячэннем, — уваход у розныя вэб-праграмы ці мабільныя дадаткі — хутка будзе заменена зусім іншым падыходам.

ШІ-агенты як новая рэальнасць

Будучыня будзе грунтавацца на ШІ-агентах — інтэлектуальных праграмных рашэннях, якія самастойна выконваюць задачы без неабходнасці спецыялізаванага інтэрфейсу. 

У традыцыйным SaaS карыстальнік узаемадзейнічае з «тонкім слоем» інтэрфейсу, што ўзаемадзейнічае з базай даных праз CRUD (create, read, update, destroy — стварыць, прачытаць, абнавіць, знішчыць).

Надэла тлумачыць, што ШІ-агенты змогуць непасрэдна працаваць з базамі даных. А калі агент можа чытаць, абнаўляць і выконваць лагічныя задачы ў базах даных, тады патрэба ў асобных дадатках знікае. 

Відэавядучы перафразаваў гэта наступным чынам: «Калі вы можаце проста сказаць штучнаму інтэлекту: «Знайдзі даныя пра пяць найлепшых кліентаў і дашлі ім электронныя лісты», вам больш не давядзецца адкрываць розныя экраны ці праграмы».

Такім чынам, ШІ пераймае на сябе бізнэс-логіку, значна скарачаючы патрэбу ў традыцыйных карыстальніцкіх інтэрфейсах.

Новыя магчымасці і выклікі для ІТ-індустрыі

Надэла адзначае, што Microsoft Copilot стане арганізацыйным пластом для ШІ. Спецыялізаваныя праграмы, такія як Excel і Word, ператворацца ў ШІ-агентаў, якімі будзе кіраваць Copilot. 

«Вы нават можаце сказаць: «Навошта мне Excel?»

Сёння Excel з’яўляецца інструментам для арганізацыі даных, вылічэнняў і стварэння дыяграм. Але з дапамогай ШІ, які разумее ваш запыт, можна будзе абысціся без непасрэднай працы ў Excel. 

Напрыклад, замест працы з сеткай даных вы проста паведамляеце ШІ, што вам трэба: «Зрабі прагноз продажаў на першы квартал» ці «Дашлі ліст нашым пяці найлепшым кліентам». 

Штучны інтэлект аўтаматычна піша неабходны код, напрыклад, на Python, і выконвае задачу.

Наступствы пашырэння ШІ-агентаў

З прагнозаў Надэлы вынікае, што пашырэнне ШІ-агентаў выкліча значныя змены:

Для звычайных карыстальнікаў гэтыя змены азначаюць значнае спрашчэнне: замест вывучэння складаных інструментаў дастаткова будзе проста пагаварыць са сваім ШІ-агентам альбо набраць інструкцыю простай мовай.

З'явіўся партал па гісторыі Беларусі з AI-асістэнтам і 3D-мадэлямі

«Далей будзе толькі больш». Беларус-распрацоўшчык у галіне ШІ, які працуе ў Нью-Ёрку, расказаў, што нас чакае

Штучны інтэлект ChatGPT o1 пачаў падманваць сваіх распрацоўшчыкаў

Кампанія, якая стварыла ChatGPT, увайшла ў вайсковы бізнэс

ШІ-порна пачынае выцясняць звычайнае. «Онліфанз» ператвараецца ў платформу дыпфэйкаў

Nashaniva.com