Памёр былы прэм’ер Індыі Манмахан Сінгх. Яго лічаць стваральнікам індыйскага эканамічнага цуду

Краіна, якая ў пачатку 1990-х гадоў знаходзілася на мяжы банкруцтва, дзякуючы яго палітыцы панізіла падаткі, дэвальвавала рупію, прыватызавала дзяржаўныя кампаніі і пачала актыўна прыцягваць замежных інвестараў

27.12.2024 / 07:51

Фота: Manish Swarup / AP

Былы прэм’ер-міністр Індыі Манмахан Сінгх памёр ва ўзросце 92 гадоў. Паведамляецца, што ён знаходзіўся ў шпіталі ў Дэлі пасля пагаршэння яго стану, піша Бі-бі-сі.

Манмахан Сінгх лічыцца архітэктарам ліберальных эканамічных рэформаў, якія дазволілі Індыі стаць адной з дзяржаў, якія хутка развіваюцца.

Краіна, якая ў пачатку 1990-х гадоў знаходзілася на мяжы банкруцтва, дзякуючы яго палітыцы панізіла падаткі, дэвальвавала рупію, прыватызавала дзяржаўныя кампаніі і пачала актыўна прыцягваць замежных інвестараў. Гэта ажывіла эканоміку, падштурхнула рост прамысловай вытворчасці і дапамагло стрымаць інфляцыю. Эканамічны рост Індыі застаецца стабільна высокім з 1990-х гадоў.

Па індыйскіх палітычных мерках Сінгх даволі доўга знаходзіўся на пасадзе прэм’ер-міністра — з 2004 да 2014 года. Раней, з 1991 года, ён займаў пасаду міністра фінансаў.

Ён стаў усяго толькі другім прэм’ерам у гісторыі краіны, які быў пераабраны пасля таго, як цалкам адслужыў свой першы тэрмін. Да яго гэта ўдавалася толькі Джавахарлалу Нэру — першаму прэм’ер-міністру незалежнай Індыі.

«У дэмакратыі, каб стаць дзяржаўным дзеячам, трэба спачатку выйграць выбары»

Сінгх заўсёды адчуваў, што ў яго няма сваёй палітычнай базы. Да прызначэння міністрам ён быў тэхнакратам — эканамічным дарадцам урада і Цэнтральнага банка краіны. У 1999 годзе ён упершыню паспрабаваў абрацца ў ніжнюю палату парламента і прайграў выбары. На выбарах 2004 года яго таксама чакала параза.

«Добра быць дзяржаўным дзеячам, але ў дэмакратыі, каб стаць дзяржаўным дзеячам, трэба спачатку выйграць выбары», — казаў ён.

Сінгх займаў месца ў верхняй палаце парламента, куды яго намінавала партыя «Індыйскі нацыянальны кангрэс» (ІНК).

На пасадзе прэм’ер-міністра ён аказаўся пасля таго, як лідар партыі Соня Гандзі адмовілася ад пасады, спаслаўшыся на неабходнасць абараніць партыю ад крытыкі з-за таго, што яна нарадзілася ў Італіі.

Аднак крытыкі на працягу ўсяго тэрміну Сінгха сцвярджалі, што рэальныя рычагі ўлады заставаліся ў руках Соні Гандзі, а сам ён быў толькі дэкаратыўнай фігурай.

Манмахан Сінгх быў першым і пакуль адзіным сікхам, які займаў пасаду прэм’ер-міністра. На гэтай пасадзе ён публічна папрасіў прабачэння ў парламенце за пагромы 1984 года, у якіх загінулі 3 тысячы сікхаў.

Другая кадэнцыя і спадчына

Другі тэрмін прэм’ерства Сінгха быў азначаны серыяй карупцыйных скандалаў, якія, на думку многіх, прывялі да паразы ІНК на выбарах 2014 года. Улада тады перайшла да Нарэндры Модзі з індуісцкай нацыяналістычнай партыі «Бхаратыя Джаната Парты», які застаецца прэм’ер-міністрам да гэтага часу. Многія палітолагі параўноўваюць Модзі з правымі папулістамі ў заходніх краінах, такімі як Дональд Трамп.

«Індыя смуткуе па страце аднаго са сваіх найвыдатнейшых лідараў», — напісаў Модзі ў сацыяльных сетках, успамінаючы пра «мудрасць і сціпласць» Сінгха.

Рахул Гандзі, лідар Індыйскага нацыянальнага кангрэса і прадстаўнік дынастыі, заявіў, што «страціў настаўніка і дарадцу». Яго сястра Прыянка Гандзі адзначыла, што Сінгх «да канца заставаўся адданым роўнасці, мудрым, рашучым і смелым».

Nashaniva.com