У аграгарадку пад Маладзечнам з-за перабояў з электрычнасцю загараюцца ацяпляльныя катлы?

Электрычнасць перыядычна адключаецца ў аграгарадку Палачаны Маладзечанскага раёна.Дзмітрый перакананы, што гэтыя адключэнні адбываюцца з-за перападаў напружання і пагражаюць жыхарам Палачан пажарамі, адзін з якіх здарыўся ноччу 19 снежня, піша Kraj.by.

27.12.2024 / 09:06

Уначы 19 снежня ў Палачанах на Савецкай вуліцы ў кацельні прыватнага дома загарэўся кацёл на цвёрдым паліве. Паводле асноўнай версіі ратавальнікаў МНС, прычынай пажару стала адсутнасць цыркуляцыі вады ў сістэме ацяплення.

У гэтую ж ноч там жа, на Савецкай вуліцы, па той жа прычыне ледзь не загарэўся кацёл Дзмітрыя. Мужчына сцвярджае, што яго ад пажару выратавала ўстаноўленая ў сістэме група бяспекі, якая прадухіліла загаранне катла. Але Дзмітрый усё ж выклікаў да сябе ратавальнікаў, каб паведаміць пра праблему.

— Сістэма ацяплення з катлом на цвёрдым паліве зроблена так, што цыркуляцыйная помпа, якая працуе ад электрычнасці, перапампоўвае ваду, што ідзе па трубах ацяплення. У мяне, напрыклад, усталяваныя тры помпы, — распавядае Дзмітрый. — У нас пастаянна здараюцца перапады напружання. Думаю, што электрычнасць перыядычна адключаецца менавіта з-за гэтага. Адпаведна, спыняецца цыркуляцыйная помпа. Спыняецца рух вады, якую яна перапампоўвае. Вада перастае цыркуляваць, пачынае кіпець. Кацёл масай 300 кілаграмаў трасецца, ён гатовы выбухнуць.

Так было ноччу 19 снежня. У мяне група бяспекі. Яна прадухіліла пажар, але я вельмі моцна напалохаўся. Ратавальнікі тушылі пажар у доме на нашай вуліцы, дзе ён пачаўся па гэтай жа прычыне. Я запрашаў іх да сябе.

Дзмітрый адзначае, што ў многіх жыхароў Палачан такая ж сістэма ацяплення, прынамсі, у той частцы аграгарадка, дзе няма падведзенага прыроднага газу. На Савецкую вуліцу газ не падводзяць.

— Газавікі сцвярджаюць, што немагчыма правесці адкрыты газаправод, а пад зямлёй яго не правядзеш, бо па тэхналогіі нельга капаць траншэі з-за таго, што занадта блізка праязная частка, — распавядае Дзмітрый. — Абагравацца нам застаецца толькі ад катла, які можа загарэцца з-за раптоўнага адключэння электрычнасці. Аналагічны выпадак у мяне здарыўся 6 снежня. Тады энергетыкі самі адключалі электрычнасць, не папярэдзіўшы нас. Я патэлефанаваў майстру электрычных сетак. Электрычнасць вярнулі, усё абышлося.

Дзмітрый распавядае, што набыў дом у Палачанах на Савецкай вуліцы восем гадоў таму. У гэтым годзе з жонкай пераехаў жыць сюды пастаянна. З імі жыве яшчэ маці жонкі Дзмітрыя. Акрамя перападаў напружання, мужчына скардзіцца на адсутнасць інтэрнэту на Савецкай вуліцы. Кажа, што звяртаўся ў «Белтэлекам». Там адказалі: «Лініі няма». Са сваімі праблемамі Дзмітрый у панядзелак, 23 снежня, хадзіў у сельсавет.

Старшыня Палачанскага сельскага выканаўчага камітэта Анастасія Ёда распавяла:

— У аўторак, 24 снежня, мы напісалі запыты ў «Белтэлекам» і ў газавую службу. Праз два тыдні спадзяёмся атрымаць адказы з гэтых інстанцый. Пытанне наконт адключэння электрычнасці на Савецкай вуліцы не ўваходзіць у нашу кампетэнцыю.

Дзмітрый сказаў, што сам будзе пісаць афіцыйны ліст у «Маладзечанскія электрычныя сеткі» і чакаць афіцыйнага адказу. Так яму параілі зрабіць у сельсавеце.

Nashaniva.com