У Мінску пабудуюць дамы з відам на БТ
Для каго там будуць кватэры, пакуль невядома.
27.12.2024 / 11:18
Забудова на Макаёнка. Фота: «Мінск-Навіны»
На пустцы ля будынкаў Белтэлерадыёкампаніі на вуліцы Макаёнка ў Мінску стаяць будаўнічыя вагончыкі і тэхніка. На тым участку пабудуюць жылыя дамы. Падрадчык, УКБ Заводскага раёна, у лютым пачаў знос будынкаў і збудаванняў, вынас інжынерных сетак.
— На ўчастку прадугледжана будаўніцтва двух шматкватэрных 16-павярховых дамоў. Першы — двухсекцыйны на 191 кватэру, другі — аднасекцыйны на 95 кватэр.
Таксама ў перспектыве з'явяцца дзве шматузроўневыя аўтастаянкі адкрытага тыпу на 157 і 107 машына-месцаў, — расказалі ў адміністрацыі Першамайскага раёна агенцтву «Мінск-Навіны».
Катэгорыі грамадзян, якія ўдзельнічаюць у долевым будаўніцтве гэтага аб'екта, Мінгарвыканкам вызначыць пасля пачатку пабудовы. Усе работы будуць праходзіць у тры этапы, а завяршыць іх плануецца да 2028 года.