У Расіі знялі ролік, як Санта-Клауса над Крамлём на просьбу Дзеда Мароза збівае СПА. Відэа рэпоснуў і Азаронак

Санта-Клауса збіваюць, бо расіянам «не трэба нічога замежнага ў небе».

27.12.2024 / 15:03

Скрыншот відэа

Расійскія і беларускія праўладныя каналы распаўсюджваюць новы сацыяльны ролік. Па сюжэце Санта-Клаўс разам з аленямі ляціць над Масквой, і яго збівае расійская СПА.

Санта гаворыць па-англійску, п'е «Кока-колу», у яго за спінай замест падарункаў ракеты з эмблемай NATO. Калі ён пралятае над Краснай плошчай, у яго трапляе ракета СПА.

«Не нужно нам ничего иностранного в нашем небе». Пропагандистские каналы распространяют социальный ролик, на котором ПВО сбивает Санта-Клауса pic.twitter.com/vHQZGV7P3r

— Дождь (@tvrain) December 27, 2024

Пасля гэтага камера пераносіцца ў камандны пункт, дзе побач з ракетчыкам сядзіць Дзед Мароз. Ваенны дае справаздачу, што мэта знішчана.

«Правільна. Не трэба нам нічога замежнага ў нашым небе. З Новым годам!» — кажа Дзед Мароз.

Відэа з'явілася ў многіх пракрамлёўскіх і Z-каналах, рэпостнуў яго і прапагандыст Рыгор Азаронак: у подпісы ён назваў Санту «акулярыстым педафілам з аленямі».

Санта-Клаўс традыцыйна атаясамліваецца з вобразам cвятога Мікалая Цудатворца, аднаго з самых шанаваных святых у Рускай праваслаўнай царкве, да якой сябе адносіць і Азаронак. Пры гэтым у Беларусі сёлета чыноўнікі і ідэолагі з Сантам ваююць.

Ролік пра тое, як спа збівае Санта-Клаўса, з'явіўся праз два дні пасля таго, як расійская ракета падбіла азербайджанскі пасажырскі самалёт. Борт, які ляцеў з Баку ў Грозны, разбіўся паблізу Актау ў Казахстане раніцай 25 снежня. У катастрофе загінулі 38 чалавек.

Азербайджанскія афіцыйныя асобы патрабуюць ад Расbі выбачэнняў і кампенсацыі, аднак у Крамлі не прызнаюць, што самалёт падбіла расійская СПА.

Nashaniva.com