Сярэдняя тэмпература цела людзей зніжаецца
У XIX стагоддзі нямецкі лекар Карл Вундэрліх вызначыў норму тэмпературы цела для здаровага чалавека — 37°C. Пазней гэты паказчык скарэктавалі да 36,6°C, што стала сусветным стандартам. Але сучасныя даследаванні сведчаць, што старая норма ўжо не адпавядае рэчаіснасці.
27.12.2024 / 21:30
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Jacek Halicki / Wikimedia Commons
Апошнія даследаванні паказваюць, што сярэдняя тэмпература цела сучаснага чалавека, хутчэй за ўсё, ніжэйшая за раней прынятыя нормы. Як піша WP Tech, даследаванні, якія былі праведзеныя ў ЗША ў 2019 годзе, паказалі сярэднюю тэмпературу 36,4°C.
Асобнае даследаванне было праведзена сярод прадстаўнікоў балівійскага племені цымане, якія жывуць у ізаляваных умовах. Тут было зафіксавана, што сярэдняя тэмпература іх цела зніжаецца на 0,05°C штогод і цяпер складае прыкладна 36,5°C.
Гэта паказвае, што змена тэмпературы адбываецца не толькі ў развітых краінах, але і ў ізаляваных супольнасцях.
Як адзначае WP Tech, навукоўцы звязваюць зніжэнне тэмпературы з паляпшэннем якасці жыцця і гігіены. Доступ да чыстай вады, сучасных медыцынскіх паслуг і вакцынацыі дазваляе людзям траціць менш энергіі на барацьбу з інфекцыямі.
Акрамя таго, кліматызацыя і сістэмы ацяплення забяспечваюць больш стабільныя ўмовы, зніжаючы нагрузку на арганізм.
Традыцыйна высокай тэмпературай лічылі ўсё, што звыш 37,8°C. Роберт Х. Шмерлінг (Robert H. Shmerling), доктар медыцынскіх навук з факультэта Harvard Health Publishing, лічыць, што сучасныя даследаванні не даюць падстаў мяняць гэтае азначэнне, аднак яны паказваюць, што пры ацэнцы здароўя варта ўлічваць агульныя тэндэнцыі зніжэння тэмпературы.
У сваю чаргу, прафесар Майкл Гурвен (Michael Gurven) падкрэслівае, што няма адзінай універсальнай нормы тэмпературы для ўсіх людзей. Новыя даныя больш важныя для аналізу здароўя вялікіх груп насельніцтва, а для дыягностыкі асобных людзей яны не маюць асаблівага значэння.
Што рабіць, калі ў кватэры халодна?
Што вядома пра наравірус, успышка якога адбылася ў Брэсце: сімптомы, заразнасць, лячэнне
Па свеце распаўсюджваецца новы варыянт кавіду ХЕС. Чым ён адрозніваецца ад папярэдніх