«З першага ж дня сын вяртаецца дадому пабіты». Беларуска змагаецца з булінгам у польскай школе

У Марыны двое дзяцей — Максім і маленькая Аліна. Некалькі гадоў таму сям’я пераехала ў Польшчу. Аліна пайшла ў прыватны дзіцячы садок, а Максім — у першы клас.

28.12.2024 / 08:27

Ілюстрацыйнае фота

Менавіта тады пачаліся праблемы: аднакласнікі пачалі цкаваць хлопчыка. Жанчына распавяла MOST, як змагаецца з булінгам.

У Беларусі Марыну рэгулярна падвяргаў хатняму гвалту муж. З блізкіх сваякоў у жанчыны засталіся толькі сёстры, якія ўжо даўно пераехалі ў Польшчу. Некалькі гадоў таму Марына з дзецьмі прыехала да іх у госці і вырашыла застацца.

Шасцігадовы Максім успрыняў пераезд спакойна. Падчас другога дэкрэтнага адпачынку Марына часта брала яго з сабой у Польшчу, калі наведвала сваякоў ці ездзіла на закупы для перапродажу ў Беларусі.

Пасля пераезду Максім амаль адразу пайшоў у школу. Ён прапусціў падрыхтоўчы клас, так званую «зэруўку», і адразу пайшоў у першы. На той момант хлопчык яшчэ дрэнна валодаў польскай мовай.

Паводле слоў Марыны, да дзяўчынкі ў дзіцячым садку адносіліся добра, але ў сына адразу не склаліся адносіны з аднакласнікамі.

Праблемы пачаліся з першых дзён

— У першыя дні пасля пачатку вайны ва Украіне дзеці былі вельмі негатыўна настроеныя да беларусаў. У школе было некалькі ўкраінцаў, а сын быў адзіным беларусам. Яму казалі: «Навошта вы сюды прыехалі?», называлі «беларускім г…». Думаю, дзеці проста паўтаралі тое, што чулі ад бацькоў: такое наўрад ці прыходзіць у галаву дзіцяці само па сабе, — успамінае Марына. — У выніку сыну стала немагчыма знаходзіцца ў гэтай школе, і мы пераехалі ў іншы горад.

«Ніхто не можа знайсці ўправы на гэтых хлапцоў»

Да дзевяці гадоў Максім даволі добра авалодаў польскай мовай. Як кажа Марына, ён добра чытае і лёгка фармулюе свае думкі. Але ў новай школе яго таксама не прынялі.

— З першага ж дня ён вяртаецца дадому пабіты: то ў жывот стукнуць, то ў грудзі, то па галаве, — кажа жанчына. — У іх класе ёсць чацвёра хлопцаў: двое з іх займаюцца каратэ, а двое іншых ім падпарадкоўваюцца і імкнуцца браць з іх прыклад. Яны цкуюць украінскую дзяўчынку і майго сына. Мама той дзяўчынкі пагражала паліцыяй, але ўсё безвынікова.

Марына неаднаразова ўздымала пытанне булінгу ў бацькоўскім чаце і на сходах, але атрымлівала рэакцыю толькі ад тых, чые дзеці не абражалі яе сына. Бацькі ж крыўдзіцеляў альбо ігнаравалі яе, альбо проста паціскалі плячыма.

— Суседская дзяўчынка распавяла, што трое дзяцей перавяліся ў іншы клас з-за булінгу. Ніхто не можа знайсці ўправы на гэтых хлопцаў.

Марына хацела перавесці Максіма ў іншы клас, але адміністрацыя школы заявіла, што месцаў няма.

Апошняя кропля

Праблема заставалася нявырашанай, пакуль нядаўні інцыдэнт не стаў для Марыны апошняй кропляй. У адзін з дзён жанчыне патэлефанавалі са школы і папрасілі забраць сына, бо ён страціў прытомнасць. Ніякіх падрабязнасцей не патлумачылі. Прыбегшы ў школу, Марына знайшла хлопчыка ў калідоры: ён сядзеў на падлозе з пакетам лёду на шыі.

У шокавым стане жанчына выклікала паліцыю. Супрацоўнікі, якія прыехалі, не знайшлі камер відэаназірання і пачалі апытваць сведак. Па словах Марыны, падтрымала сына толькі аднакласніца з Украіны.

Марына напісала заяву ў паліцыю і ў рэгіянальны орган адукацыі. Класны кіраўнік двойчы прасіла яе адклікаць заяву, спасылаючыся на тое, што ў школы будуць праблемы, але жанчына адмовілася.

— У паліцыі сказалі, што будуць праводзіць гутаркі з бацькамі дзяцей, якіх я ўказала ў заяве. Таксама запыталі характарыстыкі на сем’і, — распавядае Марына.

З таго часу аднакласнікі ігнаруюць Максіма: з ім не размаўляюць, але і не абражаюць.

Пошук выхаду

Цяпер Марына шукае для сына спартыўную секцыю, каб дапамагчы яму стаць больш упэўненым у сабе. Максім таксама ўжо наведаў два сеансы дзіцячага псіхолага.

— Хачу, каб ён сябе прымаў і цаніў, — кажа жанчына. — І каб не залежаў ад тых, хто яго не прымае.

Nashaniva.com