Кітай ухваліў будаўніцтва ў Тыбеце найбуйнейшай у свеце ГЭС. Эколагі, Індыя і тыбетцы выступаюць супраць

Суседнюю Індыю праект можа пазбавіць вады.

28.12.2024 / 12:47

Фота: Li Lin/China News Service/VCG via Getty Images

Улады Кітая далі дазвол на будаўніцтва ў паўднёвым Тыбеце плаціны, якая павінна стаць найбуйнейшай у свеце. Пекінскія планы па будаўніцтве ГЭС у гэтым рэгіёне ўжо доўгі час выклікаюць пратэсты як з боку мясцовых жыхароў, якім пагражае масавае перасяленне, так і з боку суседняй Індыі, якую гэты праект можа літаральна пазбавіць вады. Эколагі, у сваю чаргу, выказваюць занепакоенасць наступствамі будаўніцтва ГЭС для навакольнага асяроддзя, піша Бі-бі-сі.

Пекін плануе ўзвесці плаціну ў ніжнім цячэнні ракі Брахмапутра (у Кітаі яна называецца Цангпо) — адной з найбуйнейшых водных артэрый Паўднёвай Азіі. Вадасховішча новай ГЭС залье цясніну Ярлунг Цангпо, праз якую працякае рака.

Праект быў упершыню абвешчаны ў канцы 2020 года. Паводле ўладаў Кітая, новая гідраэлектрастанцыя будзе вырабляць утрая больш электраэнергіі, чым ГЭС «Тры цясніны», пабудаваная на рацэ Янцзы, якая на сённяшні дзень застаецца самай магутнай у свеце.

Кітайскія дзяржаўныя СМІ называюць будаўніцтва ГЭС «бяспечным праектам, галоўная задача якога — ахова экалагічнага дабрабыту Кітая». Улады КНР сцвярджаюць, што дзякуючы будаўніцтву магутнай ГЭС краіна зможа значна скараціць выкіды вуглякіслага газу і адначасова палепшыць умовы жыцця мясцовага насельніцтва.

Аднак эксперты, праваабарончыя арганізацыі і эколагі папярэджваюць пра магчымыя негатыўныя наступствы рэалізацыі гэтага праекта. Яны асцерагаюцца, што негатыўнае ўздзеянне будаўніцтва на навакольнае асяроддзе і мясцовых жыхароў можа пераважыць усе меркаваныя «плюсы» ад рэалізацыі.

Будаўніцтва ГЭС у Тыбеце патрабуе перасялення вялікай колькасці мясцовых жыхароў — верагодна, колькасць пераселеных перавысіць адзін мільён чалавек. Акрамя таго, будаўніцтва плаціны можа істотна змяніць ландшафт рэгіёна, што прывядзе да разбурэння альбо сур'ёзнага пашкоджання экасістэм. Рэгіён, дзе запланавана будаўніцтва, адрозніваецца асаблівай біялагічнай разнастайнасцю.

Кітай ужо пабудаваў некалькі ГЭС у Тыбеце з моманту анексіі рэгіёна ў 1950-х гадах. Раней праваабаронцы заяўлялі, што будаўніцтва новых ГЭС — гэта чарговая форма эксплуатацыі тыбетцаў і іх зямлі з боку Пекіна.

Тыбецкія супольнасці, пераважна будысцкія, у Кітаі неаднаразова сутыкаліся з рэпрэсіямі. У красавіку гэтага года кітайскія ўлады затрымалі сотні тыбетцаў, якія пратэставалі супраць будаўніцтва плаціны Камток на рацэ Дрычу. Затрыманні суправаджаліся збіццём, шматлікія пратэстоўцы атрымалі цяжкія траўмы.

Што датычыцца будаўніцтва ГЭС на Брахмапутры, улады пакуль не абвясцілі колькасць пераселеных жыхароў. Аднак вядома, што ў ходзе будаўніцтва ГЭС «Тры цясніны» былі пераселены 1,4 млн чалавек.

Кітай сцвярджае, што будаўніцтва ГЭС не створыць значных экалагічных праблем. Аднак эколагі адзначаюць, што праект уключае прабурванне чатырох тунэляў па 20 км у гарах Намча Барва, што можа выклікаць сур’ёзныя экалагічныя наступствы.

Суседзі Кітая разглядаюць будаўніцтва новых ГЭС у паўднёвым Тыбеце як спробу ўстанавіць поўны кантроль над спрэчным рэгіёнам і атрымаць эканамічныя рычагі ўплыву на суседнія краіны.

Планы будаўніцтва плаціны выклікаюць сур’ёзную занепакоенасць у Індыі. Улады і эксперты сцвярджаюць, што будаўніцтва ГЭС дасць Кітаю амаль поўны кантроль над ракой Брахмапутра, значная частка якой працякае па тэрыторыі Індыі.

Тыбецкае нагор’е часта называюць «воданапорнай вежай Азіі», бо менавіта ў гэтым рэгіёне бяруць пачатак рэкі, якія сілкуюць краіны Паўднёвай Азіі. Брахмапутра — адна з найбуйнейшых рэк у рэгіёне, яна ўпадае ў Бенгальскую затоку, утвараючы разам з Гангам дэльту плошчай каля 100 тыс. квадратных кіламетраў. У Індыі Брахмапутра працякае па тэрыторыі штатаў Ассам і Аруначал-Прадэш, дзе яна з’яўляецца найважнейшай крыніцай вады і харчавання для мясцовых жыхароў.

Будаўніцтва плаціны ў Тыбеце, як сцвярджаюць эксперты, можа дазволіць Кітаю змяніць напрамак цячэння ракі. Гэтая перспектыва асабліва пужае Індыю і Бангладэш, улічваючы доўгатэрміновыя планы Пекіна па адводзе вады з паўднёвых рэгіёнаў у водадэфіцытныя раёны на поўначы краіны.

Паводле даследаванняў Інстытута Лоўі, які базуецца ў Аўстраліі, кантроль над рэкамі, што бяруць пачатак на Тыбецкім нагор’і, дае Кітаю ўплыў на эканомікі суседніх краін, асабліва Індыі. Пасля паведамлення Кітая аб планах па будаўніцтве ГЭС на Брахмапутры Індыя таксама заявіла пра намеры ўзвесці некалькі ГЭС у ніжнім цячэнні ракі ў штаце Аруначал-Прадэш. Гэтая ініцыятыва накіравана на змякчэнне магчымых негатыўных наступстваў ад будаўніцтва кітайскай ГЭС.

Каньён Ярлунг Цангпо, дзе плануецца будаўніцтва, з’яўляецца самым глыбокім у свеце. Перапад вышынь на працягу ракі ў гэтым раёне складае каля 2000 метраў у межах усяго 50 км, што робіць рэгіён прывабным для гідраэнергетычных праектаў.

Аднак каньён знаходзіцца на стыку Індыйскай і Еўразійскай тэктанічных пліт, дзе рэгулярна адбываюцца землятрусы. Магнітуда штуршкоў у гэтым рэгіёне можа дасягаць 8,6 балаў па шкале Рыхтэра.

Крытыкі праекта звяртаюць увагу, што вузкасць і глыбіня цясніны робяць рэгіён небяспечным для будаўніцтва: апоўзні і землятрусы могуць пашкодзіць канструкцыю плаціны. У выпадку яе разбурэння магчымыя катастрафічныя наступствы з вялікай колькасцю ахвяр.

Nashaniva.com