Выйшаў альбом духоўных твораў Міколы Куліковіча
Пра размяшчэнне альбому духоўных твораў Міколы Куліковіча ад Concordia Choir на ютубе паведаміла мастацкая кіраўніца хору Галіна Казіміроўская на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
28.12.2024 / 18:29
«У хуткім часе альбом з’явіцца на ўсіх музычных анлайн пляцоўках!
Вялікі дзякуй усім, хто нам дапамагаў і падтрымліваў, гэты альбом — вялікая сумесная праца! <…>
Для мяне гэты альбом цалкам цуд! Большасць твораў у новых рэдакцыях гучыць упершыню! Музычнае золата з беларускай скарбніцы Francis Skaryna Belarusian Library and Museum in London. Ноты, якія былі напісаныя Куліковічам у 1950-1960-х гадах, якія ад 1971 года знаходзіліся ў скрынях Скарынаўкі, ператварыліся ў гукі!
Музыка павінна гучаць! Пасля больш чым 50 год гэтыя скрыні загучалі!!! Я веру ў космас і сувязі часоў, веру, што павага да нашай гісторыі і культурнай спадчыны — ключ да нашай будучыні і сэнсаў!
Знайдзіце час, паслухайце творы вялікага беларускага кампазітара МІколы Куліковіча!», — піша Галіна Казіміроўская.
Мікола Шчаглоў-Куліковіч (1893—1969) — беларускі кампазітар, музыколаг, этнограф, паэт і дзеяч беларускага руху ў эміграцыі. Выпускнік Маскоўскай кансерваторыі, перад Другой сусветнай вайной ён жыў у Мінску, быў адным з арганізатараў Тэатра оперы і балета Беларусі, дырыжорам яго сімфанічнага аркестра, з 1939 — дырыжор сімфанічнага аркестра Усебеларускага радыёкамітэта, музычны рэдактар Беларускага радыё.
Падчас нямецкай акупацыі займаўся творчай працай у Мінску, у 1943 годзе выдаў «Зборнік купальскіх і жніўных беларускіх песняў». З 1944 года ў эміграцыі ў Германіі, з 1950-га — у ЗША (у Чыкага). У 1950 годзе заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор, потым кіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе і Чыкага.
Пакінуў вялікую музычную спадчыну; быў аўтарам опер, сімфоній, вакальных твораў, апрацовак народных песень.
Кіраўніца «Вольнага хору»: Адзін з пунктаў для рэпетыцый быў побач з будынкам КДБ