Галоўчанка расказаў, што аліўе сёлета патаннеў

Індэкс папулярнага навагодняга салата лічылі ўрадавым камітэтам.

30.12.2024 / 07:44

Індэкс аліўе ў Беларусі сёлета адмоўны, то-бок салат патаннеў, паведаміў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Ён расказаў, што інгрэдыенты для стравы нядаўна палічылі ўрадавым камітэтам і прыйшлі да нечаканай высновы, піша «Спутнік».

«Атрымалася даволі нечаканая лічба. У нас сёлета індэкс аліўе адмоўны, гэта значыць, аліўе сёлета патаннеў», — заявіў Галоўчанка ў інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1».

Прэм’ер мяркуе, што дэфляцыя звязана з тым, што цяпер многія асноўныя інгрэдыенты, такія як маянэз, зялёны гарошак і іншыя, знаходзяцца на акцыях і распродажах.

«У мінулым годзе набор для тыповага аліўе каштаваў 13 рублёў 80 капеек. Сёлета ён каштуе 13 рублёў 44 або 45 капеек. То-бок, цалкам прымальная лічба», — канстатаваў кіраўнік урада.

Nashaniva.com