Замест рыначнага і дзяржаўнага Лукашэнка прыдумаў новае цэнаўтварэнне

Аляксандр Лукашэнка зноў узяўся за цэны. Дзяржаўнае стрымліванне, падобна, стала мець «пабочку», а рыначныя цэны Лукашэнку не задавальнялі ніколі. Цяпер ён прыдумаў новы варыянт. Урад тэрмінова працуе над ім. 

30.12.2024 / 11:58

Урад распрацоўвае формулу справядлівага цэнаўтварэння. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 30 снежня ў метро — на адкрыцці новага ўчастка трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна. 

Па яго словах, у пачатку студзеня ён правядзе нараду з урадам па выпрацоўцы справядлівага цэнаўтварэння.

«Не стрымліванне цэн. Можа, нават не рэгуляванне цэн. Але павінна быць справядлівая формула цэнаўтварэння ў Беларусі, каб не было так, як раней: чалавек не паспеў заробак атрымаць — ужо цэны дзесьці выраслі. Гэтага быць не павінна. Бачу, што больш-менш нармальна. Але павінна справядлівая быць цана. Формула справядлівага цэнаўтварэння — перад урадам пастаўлена задача», — заявіў Лукашэнка.

Ён дадаў, што да гэтага пытання павінны падключыцца і сталічныя ўлады, паколькі «Мінск заўсёды ў авангардзе такой працы».

«Не трэба на водкуп усё аддаваць. Усё павінна быць пад кантролем, — сказаў ён. — Людзі крыўдзіцца не павінны. Цэнаўтварэнне павінна справядлівым быць. І так, каб бізнэсмены і людзі, якія гандлююць і вырабляюць, не бегалі за вамі: дазвольце нам павысіць, дазвольце тое, дазвольце гэта. Яны самі павінны ведаць, у якім калідоры яны дзейнічаюць. Таму разам з бізнесам сядайце і выпрацоўвайце. У першых чыслах студзеня далажыце».

Nashaniva.com