Лукашэнка паабяцаў кіраўніку Мінска званне Героя Беларусі, калі той здолее зрабіць будаўніцтва метро таннейшым

Уладзімір Кухараў агучыў кошт аднаго кіламетра метро, а Лукашэнка прапанаваў зрабіць яго таннейшым.

30.12.2024 / 14:15

Аляксандр Лукашэнка з чыноўнікамі адкрывае новыя станцыі метро. Фота: БелТА

Адкрываючы новыя станцыі метро ў Мінску, Лукашэнка запатрабаваў паскорыць будаўніцтва новых участкаў і скараціць кошт.

Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў распавёў, што тры новыя станцыі абышліся ў 832 мільёны рублёў, а адзін кіламетр каштуе 70 мільёнаў даляраў, піша БелТА.

У адказ Лукашэнка паабяцаў Кухараву зорку Героя Беларусі, калі той будзе будаваць метро хутчэй і танней.

«Нікуды не падзенемся, у Мінску трэба рабіць метро сапраўднае, добрае метро. Калі ты будзеш далей будаваць, ты заплаціш заўсёды больш. Будзем старацца фінансаваць як след. Але калі б ты сказаў, што кіламетр не 70 мільёнаў, а 50 варта — усё, зорка Героя табе і ім (будаўнікам метрапалітэна). Але пакуль 70», — заявіў Лукашэнка.

Кухараў анансаваў куплю новага шчыта, што павялічыць хуткасць будаўніцтва метро.

Па словах кіраўніка Мінгарвыканкама, у 2024 годзе сталічны метрапалітэн перавёз 249 млн пасажыраў. Чакаецца, з уводам трох новых станцый колькасць вырасце да 260 млн.

Nashaniva.com