«Пакуль няма прычын». «Белавія» не будзе праводзіць экстранныя праверкі на фоне авіякатастрофы ў Паўднёвай Карэі

Дырэктар «Белавія» Ігар Чаргінец заявіў, што «Боінгі» авіякампаніі абслугоўваюцца па плане.

30.12.2024 / 18:06

«Белавія» пакуль не збіраецца праводзіць экстранныя праверкі самалётаў на фоне авіякатастрофы ў Паўднёвай Карэі.

Па словах Ігара Чаргінца, авіякампанія праводзіць планавыя праверкі — «гэта штодзённая праца авіякампаніі, авіяцыйна-тэхнічнай базы авіякампаніі», піша расійскае выданне «Спутнік».

«У нас пакуль няма ніякіх прычын займацца нейкімі экстраннымі праверкамі, тым больш што там незразумела, што адбывалася. Адзінае, што зразумела, самалёт сутыкнуўся — гэта было відаць па відэа — з птушкамі. Яны трапілі ў рухавікі. Але чаму такая пасадка была — многае яшчэ вельмі незразумела», — сказаў Чаргінец.

Ён адзначыў, што пакуль рана рабіць высновы: беларуская авіякампанія, як і многія іншыя ў свеце, чакае папярэдніх вынікаў расследавання.

Кіраўнік «Белавія» дадаў, што цяпер у парку ў перавозчыка знаходзіцца некалькі бартоў Boeing 737-800, яны абслугоўваюцца на планавай аснове.

29 кастрычніка пасажырскі самалёт пацярпеў крушэнне пры заходзе на пасадку ў міжнародным аэрапорце горада Муан у Паўднёвай Карэі. Загінулі 179 чалавек, выжылі двое. Паводле папярэдніх звестак, самалёт сутыкнуўся з птушкамі. Пілоты не змаглі выпусціць шасі, борт пасля прызямлення ўрэзаўся ў бетонны плот, разбурыўся і загарэўся.

Напярэдадні паўднёвакарэйскай авіякатастрофы ў свеце адбыліся яшчэ два здарэнні з самалётамі, але з лепшым фіналам

У Паўднёвай Карэі пры заходзе на пасадку разбіўся пасажырскі самалёт. 179 чалавек загінулі

З Мінска запусцілі яшчэ адзін прамы рэйс у Кітай

Казахстан адправіць чорныя скрыні з Azerbaijan Airlines у Бразілію

Nashaniva.com